BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сур’ёзныя рознагалоссі напярэдадні сустрэчы Зяленскага і Трампа — Reuters

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп плануюць сустрэчу ў нядзелю ў Фларыдзе, каб узгадніць план завяршэння вайны ва Украіне. Аднак, як піша Reuters, бакі сутыкаюцца з істотнымі рознагалоссцямі па ключавых пытаннях, а сітуацыю дадаткова абцяжарваюць расейскія паветраныя атакі.

Фота Getty Images

У суботу Расея нанесла чарговы масіраваны ўдар па Украіне, выпусціўшы сотні ракет і дронаў. У выніку ў шэрагу раёнаў Кіева адбыліся адключэнні электраэнергіі і ацяплення. Зяленскі назваў гэты ўдар адказам Масквы на мірныя намаганні, якія ажыццяўляюцца пры пасярэдніцтве ЗША.

Што вядома пра сустрэчу Зяленскага з Трампам

Украінскі прэзідэнт паведаміў журналістам, што падчас сустрэчы ў рэзідэнцыі Трампа ў Фларыдзе плануе абмеркаваць лёс Данбаса, будучыню Запарожскай атамнай электрастанцыі, а таксама шэраг іншых пытанняў.

Масква неаднаразова настойвала на тым, каб Украіна саступіла ўвесь Данбас, уключна з тэрыторыямі, якія застаюцца пад кантролем Кіева. Паводле інфармацыі Reuters, расейскія чыноўнікі таксама выказвалі пярэчанні супраць іншых пунктаў апошняй прапановы, што ставіць пад сумнеў гатоўнасць Уладзіміра Пуціна прыняць вынікі маючых адбыцца перамоваў.

У пятніцу Зяленскі заявіў, што ўсё яшчэ спадзяецца змякчыць прапанову ЗША аб поўным вывадзе ўкраінскіх войскаў з Данбаса. У адваротным выпадку, паводле яго слоў, увесь план з 20 пунктаў — вынік некалькіх тыдняў перамоваў — можа быць вынесены на рэферэндум.

Амерыканскія чыноўнікі расцанілі гатоўнасць Зяленскага да правядзення рэферэндуму як значны крок наперад і сігнал таго, што Кіеў больш не выключае тэрытарыяльных саступак. Разам з тым украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што для падрыхтоўкі і правядзення такога галасавання Расея павінна пагадзіцца на 60-дзённае спыненне агню. Апытанні паказваюць, што ўкраінскія выбарцы могуць і не падтрымаць гэты план.

Тэрытарыяльныя спрэчкі застаюцца ключавымі

Кіеў і Вашынгтон дасягнулі згоды па многіх пунктах, і, паводле Зяленскага, план з 20 пунктаў гатовы прыкладна на 90%. Аднак пытанне пра тое, якія тэрыторыі і ці будуць увогуле перададзены Расеі, застаецца нявырашаным.

Пакуль Масква патрабуе ўвесь Данбас, Кіеў прапануе замарозіць сітуацыю па цяперашняй лініі фронту. ЗША ў пошуках кампрамісу прапанавалі стварыць свабодную эканамічную зону ў выпадку выхаду Украіны з гэтага рэгіёна, аднак механізм яе функцыянавання застаецца незразумелым.

Зяленскі таксама падзяляе асцярогі еўрапейскіх саюзнікаў, што Трамп можа пайсці на саступкі Расеі, пакінуўшы Еўропу сам-насам з фінансавымі і палітычнымі наступствамі падтрымкі разбуранай вайной Украіны.

Паводле расейскіх ацэнак, РФ цалкам кантралюе Крым, анексаваны ў 2014 годзе, а з пачатку поўнамаштабнага ўварвання захапіла каля 12% тэрыторыі Украіны, у тым ліку значную частку Данбаса, Запарожскай і Херсонскай абласцей, а таксама асобныя раёны Харкаўскай, Сумскай, Мікалаеўскай і Днепрапятроўскай абласцей.

19 снежня Уладзімір Пуцін заявіў, што мірнае пагадненне павінна грунтавацца на ўмовах, вылучаных ім у 2024 годзе, уключна з вывадам украінскіх войскаў з акупаваных тэрыторый і афіцыйнай адмовай Украіны ад уступлення ў NATO.

Украінскія чыноўнікі і еўрапейскія лідары разглядаюць вайну як імперскае захопніцтва з боку Масквы і папярэджваюць: у выпадку поспеху Расеі ва Украіне наступнай мішэнню могуць стаць краіны NATO.

Пасля сустрэчы з Дональдам Трампам Уладзімір Зяленскі плануе зноў правесці кансультацыі з еўрапейскімі лідарамі.