BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сустрэча Трампа і Зяленскага ў Вашынгтоне скончылася канфліктам

28 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў у Белы дом на сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Паміж кіраўнікамі дзяржаў адбылася вострая гутарка, якую транслявалі ў жывым эфіры. Трамп у прысутнасці журналістаў звінаваціў Зяленскага ў непавазе і запатрабаваў падзякі за падтрымку, якую ЗША здзейснілі аказалі ў час вайны. Таксама ён заявіў прэзідэнту Украіны: “Вы ставіце пад пагрозу жыццё мільёнаў людзей. Вы рызыкуеце развязаць Трэцюю сусветную вайну”.

Прэзідэнт ЗША заявіў, што ў Зяленскага няма картаў, каб нечага патрабаваць — усе карты ў руках у ЗША. У адказ на гэта прэзідэнт Украіны заявіў, што ён прыехаў не гуляць у карты.

Зяленскі заклікаў Трампа “не ісці на кампрамісы з забойцам”, маючы на ўвазе Уладзіміра Пуціна. У адказ той заявіў, што займае нейтральную пазіцыю наконт гэтай вайны. “Я і за Украіну, і за Расею”, — падкрэсліў ён.

Таксама Трамп іранічна выказаўся пра знешні выгляд украінскага прэзідэнта, які быў у швэдары з гербам Украіны, а не ў дзелавым гарнітуры. Раней Зяленскі ўжо неаднаразова заяўляў, што апранецца ў адпаведнасці з этыкетам, калі закончыцца вайна.

Сварка паміж Трампам і Зяленскім скончылася адменай агульнай прэс-канферэнцыі.