BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сустрэча з прафесарам Паўлам Ковалем у Беластоку: Ці заканчваецца Захад?

На факультэце міжнародных адносін Універсітэта ў Беластоку прайшла сустрэча з вядомым гісторыкам, палітыкам і спецыялістам у пытаннях Усходняй Еўропы — прафесарам Паўлам Ковалем. Ён выступіў з адкрытай лекцыяй на тэму «Ці заканчваецца Захад?», якая выклікала вялікую цікавасць сярод студэнтаў, выкладчыкаў і прадстаўнікоў грамадскасці.

Агульныя выклікі для Захаду абазначыў Павел Коваль:

– Усё, што датычыць Украіны, уплывае на ўсю Цэнтральную Еўропу. Гэта значыць, што калі хтосьці спыне падтрымліваць санкцыі, то гэта азначае, што Пуцін атрымлівае час, каб узброіцца. І тады гэта будзе датычыць польскай бяспекі. Калі Пуцін пачынае перамовы, то ён абмяркоўвае суверэнітэт і вольнасць, але не свой, а краін Цэнтральнай Еўропы. Вельмі важна было, каб амерыканцы гэта зразумелі.

Удзел у сустрэчы прыняў таксама Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі, які падкрэсліў важнасць такіх дыскусій на памежжы Беларусі і Падляшша як часткі Захаду:

– 16 мая – гэта свята пагранічных войскаў. Навуковы семінар павінен спрыяць перадусім папулярызацыі ведаў на тэму сітуацыі, якая склалася ў сучасным свеце. Сёння сучасны свет вельмі расцярушаны і складаны. Я вельмі задаволены, што нам удалося запрасіць прафесара Паўла Коваля. Ён чарговы раз наведаў факультэт міжнародных адносін Беластоцкага ўніверсітэта.

Падчас лекцыі закраналіся тэмы будучыні Еўропы, уздзеяння вайны ва Украіне на архітэктуру бяспекі, роля Польшчы і Усходняй Еўропы ў перафарматаванні заходняй палітычнай прасторы. Сустрэча прайшла ў межах цыклу «Прастора і памяць у міжнародных адносінах», які ладзіць факультэт.

Беларускае Радыё Рацыя