BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сусветная прэса пра Беларусь: Новыя межы

  • Беларусь прыпыніла дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе
  • Польшча ўмацуе мяжу з Беларуссю
  • Непрагавораная праблема беларускай апазіцыі

«Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб прыпыненні дзеяння Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ).
Дакумент апублікаваны ў сераду на Нацыянальным прававым партале Беларусі», – паведамляе ўкраінскае выданне Укрінформ.
«Гэтая дамова была ратыфікавана Беларуссю і ўступіла ў сілу ў 1992 годзе. Яна прадугледжвала абмежаванні агульных узроўняў звычайных узбраенняў і тэхнікі ў пяці асноўных катэгорыях (танкі, баявыя браніраваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама механізмаў для праверкі выканання абавязацельстваў (абмен інфармацыяй і праверкі). У прэс-службе Лукашэнкі адзначылі, што прыпыненне дзеяння ДЗУСЕ не азначае, што Беларусь выйдзе з яго і што Узброеныя сілы спыняць унутрыдзяржаўныя працэдуры, звязаныя з яго выкананнем. У жніўні 2022 года Чэхія і Польшча вырашылі не выконваць дамову ў дачыненні да Беларусі. У адказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб спыненні дзеяння ДЗУСЕ ў дачыненні да Польшчы і Чэхіі. 7 лістапада 2023 года краіна-агрэсар Расея канчаткова выйшла з чарговага міжнароднага пагаднення аб абмежаванні ўзбраенняў, гэтым разам развітаўшыся з Дамовай аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ). У адказ краіны-члены НАТА заявілі аб намеры прыпыніць дзеянне Дамовы «на столькі часу, колькі спатрэбіцца». ДЗУСЕ, заключаны ў апошнія гады халоднай вайны, усталяваў абмежаванні на ключавыя катэгорыі звычайнай ваеннай тэхнікі ў Еўропе (ад Атлантыкі да Урала) і прадугледжваў знішчэнне лішкаў узбраенняў. Дамова прадугледжвала аднолькавыя абмежаванні для дзвюх «груп дзяржаў-членаў» НАТА і Варшаўскай дамовы», – піша ўкраінскае выданне.


«Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў у сераду, што краіна будзе далей умацоўваць мяжу з Беларуссю і можа выкарыстаць «усе даступныя сродкі» для абароны межаў краіны NATO пасля таго, як салдат быў цяжка паранены нажом мігрантам», – перадае амерыканскае выданне Foxnews.
«Уздоўж польскай мяжы, якая таксама зʼяўляецца ўсходняй мяжой Еўразвяза, мяркуецца стварыць буферную зону. Туск разам з міністрамі абароны і ўнутраных спраў наведаў войскі, памежнікаў і паліцыю, якія ахоўваюць мяжу пасля нападу з нажом на салдата ў аўторак раніцай каля вёскі Дубічы Царкоўныя. Афіцыйныя асобы заявілі, што салдат застаецца ў шпіталі ў цяжкім стане. Чыноўнікі заявілі, што мігрант пералез праз краты металічнай сцяны вышынёй больш за 16 футаў, якая падзяляе Польшчу і Беларусь, і ўдарыў салдата нажом у рэбры. Польскія сілы бяспекі не змаглі затрымаць зламысніка, таму што ён знаходзіўся з беларускага боку шлагбаума». «Няма месца для перамоваў. Мяжу Польшчы трэба абараняць», – сказаў Туск. Таксама Туск і міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявілі, што ў гэты раён будуць накіраваны дадатковыя паліцэйскія і вайсковыя сілы. Праеўрапейскі ўрад заяўляе, што ўзмацняецца ціск і агрэсія нелегальнай міграцыі, арганізаванай Расеяй і Беларуссю, каб дэстабілізаваць Еўропу, пакуль Масква вядзе вайну супраць Украіны. Польскія ўлады кажуць, што сярод груп мігрантаў цяпер у асноўным маладыя мужчыны, у параўнанні з семʼямі з жанчынамі і дзецьмі раней. Сёлета зафіксавана больш за 13 тысяч спробаў незаконнага перасячэння мяжы, што больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года», – адзначае амерыканскае выданне.


Апынуўшыся ў змушанай эміграцыі, беларускія дэмакратычныя сілы сутыкнуліся са шматлікімі класічнымі праблемамі палітыкаў у выгнанні. Гэта і немагчымасць прама паўплываць на сітуацыю ў краіне, і ўзрастаючы разрыў паміж уласным кантэкстам і жыццём большасці беларусаў, і адыход беларускага пытання з сусветнага парадку дня. «Але ёсць праблема, аб якой задумваюцца і гавораць куды радзей: крызіс палітычнай ідэнтычнасці. Апазіцыя павінна вызначыцца, інтарэсы якой групы грамадства яна прадстаўляе і ці павінна ў прынцыпе трымацца за ўсё больш эфемерную сувязь з выбаршчыкам на радзіме», – заклікае нямецкае выданне Dekoder.
«Розныя групы ў апазіцыі даюць розны адказ на пытанне, чыё меркаванне яна выказвае, часам прэтэндуючы на тое, каб прадстаўляць розную аўдыторыю ў залежнасці ад канкрэтнай тэмы. Напрыклад, патрабуючы правядзення сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій, дэмакратычныя сілы ўсё яшчэ імкнуцца да рэпрэзентацыі той большасці, якая, мяркуючы па ўсім, прагаласавала за Ціханаўскую ў 2020 годзе. Неўступленне Беларусі ў вайну і еўрапіезацыя краіны. Калі заставацца аналітычна стрыманым, гэта маніпулятыўнае пазіцыянаванне. За ўсім гэтым складаным павуціннем пазіцый хаваецца яшчэ адзін, больш далікатны элемент, які не прынята абмяркоўваць услых, – інтарэсы заходніх краін, якія альбо даюць прытулак апазіцыі, альбо фінансуюць яе працу праз міжнародныя фонды. Для дэмакратычных сілаў гэта абарочваецца канфліктам інтарэсаў. Святлане Ціханоўскай і яе паплечнікам даводзіцца адначасова лабіраваць больш лаяльныя адносіны да тых беларусаў, якія хочуць падарожнічаць у Еўрасаюз, і апраўдваць тое, што краіны-суседкі закрываюцца ад іх. Гэты шпагат прыводзіць да таго, што ўнутры апазіцыі зʼяўляюцца групы, якія крытыкуюць структуры Ціханоўскай за недастатковую актыўнасць у барацьбе з «жалезнай заслонай» на заходняй мяжы Беларусі. Адразу некалькі такіх кааліцый («спісаў») пайшлі на выбары ў Каардынацыйную раду апазіцыі 25-27 траўня, абяцаючы зрабіць сваім прыярытэтам міжнародны лабізм у пытанні мабільнасці. Але ці зможа апазіцыя нават тэхнічна не можа сабраць новую «кааліцыю перамогі»?, – задаецца пытаннем нямецкае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя