- Цяжка ўявіць, што дзеячы культуры Славакіі кінуцца супрацоўнічаць з Беларуссю
- ЕЗ абвінаваціў Беларусь пасля новых масавых арыштаў
- Краіны Балтыі пабудуюць новую абарону на мяжы з Беларуссю і Расеяй

Новая міністр культуры Славакіі Марціна Шымковічава з 15 студзеня адмяніла забарону на культурнае супрацоўніцтва з Расеяй і Беларуссю, якая дзейнічала з сакавіка 2022 года. Пра тое, што гэта значыць, і ці адправіць Браціслава амбасадара ў Менск, разважае еўрапейскае выданне iSANS.
«Гэта адна з праяваў агульнай тэндэнцыі рэвізіі славацкай знешняй палітыкі з боку ўрада Роберта Фіцо. Рашэнне міністра культуры Марціны Шымковічавай было цалкам чаканае ў сілу яе цалкам адназначнай рэпутацыі. Яна была дастаткова вядомай тэлевядучай, але ў 2015 годзе была звольнена з тэлебачання за хейтэрскі пост у Facebook у дачыненні да мігрантаў з Сірыі. З таго часу яе імя шчыльна звязана з вельмі правымі медыя, якія распаўсюджваюць прарасейскі кантэнт, густа запраўлены дэзінфармацыяй, ксенафобіяй, антываксерскімі фэйкамі і тэорыямі змоў. У 2018 годзе яна была нават намінаваная праваабаронцамі на званне гамафоба года. Міністрам культуры яна стала, можна сказаць, выпадкова – Славацкая нацыянальная партыя, у спісе якой яна была, мінімальна пераадолела электаральны бар’ер на апошніх выбарах. З-за таго, што частка абраных парламентарыяў занялі пасады ва ўрадзе, іх месцы вызваліліся, і гэтая партыя атрымала дзесяць мандатаў са 150, і была неабходна Роберту Фіцо для фарміравання кіруючай кааліцыі. У любых іншых абставінах гэтая дама не магла заняць гэтую пасаду», – наракае еўрапейскае выданне, аднак падкрэслівае, што рашэнне Міністэрства культуры Славакіі носіць фармальны характар, і практычна аніяк не паўплывае на рэальны стан спраў, а значыцца, пра прызначэнне Браціславай пасла ў Менск казаць не выпадае.
ЕЗ і ЗША раскрытыкавалі Беларусь за серыю палітычных рэйдаў на гэтым тыдні, калі праваабарончыя групы заявілі, што больш за 150 чалавек былі затрыманыя або дапытаныя службай бяспекі КДБ за адзін дзень.
«Беларусь, якой з 1994 года кіруе Лукашэнка, арганізавала жорсткія чатырохгадовыя рэпрэсіі пасля масавых пратэстаў, якія ўскалыхнулі замкнёную краіну ў 2020 годзе», – піша міжнароднае выданне The Euractiv.
«Вядучая праваабарончая група «Вясна» заявіла, што 23 студзеня па ўсёй краіне былі арыштаваныя семʼі палітычных зняволеных, а таксама нядаўна вызваленыя зняволеныя. Еўразвяз самым рашучым чынам асудзіў нядаўнюю хвалю рэпрэсій супраць былых палітвязняў, якія застаюцца ў Беларусі, а таксама сваякоў палітвязняў». Вашынгтон аналагічным чынам асудзіў «больш шырокія напады рэжыму на правы чалавека і спробы перашкодзіць дэмакратычным памкненням народа Беларусі». «Мы будзем працягваць прыцягваць рэжым да адказнасці, пры дапамозе санкцый і іншых сродкаў, за яго жорсткія ўнутраныя рэпрэсіі, а таксама за яго пастаянную падтрымку агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», – заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента Мэцью Мілер у заяве. Паказальна, што рэйды ў Беларусі адбыліся напярэдадні лютаўскіх парламенцкіх выбараў – першых нацыянальных выбараў з 2020 года, калі ўспыхнулі пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія, як сцвярджалі апазіцыя і Захад, скраў Лукашэнка. На выбарах 25 лютага рэальнай апазіцыі не будзе. Дзясяткі тысяч беглі з Беларусі, у асноўным у суседнія Польшчу і Літву, пасля падаўлення пратэстаў 2020 года. Ізаляваная гадамі Беларусь апынулася яшчэ больш адрэзанай ад ЕЗ пасля таго, як Лукашэнка дазволіў Маскве выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для ўварвання ва Украіну», – канстатуе міжнароднае выданне.
«Тры балтыйскія краіны дамовіліся пабудаваць новыя абарончыя збудаванні на сваіх межах з Беларуссю і Расеяй, улічваючы праблемы бяспекі ў рэгіёне з-за ўварвання Расеі ва Украіну», – піша міжнароднае выданне The Defense Post.
«Расейская агрэсія ў рэгіёне выклікала заклапочанасць у краінах Балтыі, што яны могуць стаць наступнымі на парадку дня Масквы, калі яна выйграе ва Украіне. А таму міністры падпісалі ў Рызе пагадненне, згодна з якім Эстонія, Латвія і Літва ў бліжэйшыя гады пабудуюць супрацьмабільныя абарончыя збудаванні для стрымлівання і, пры неабходнасці, абароны ад ваенных пагроз. Устаноўкі будуць знаходзіцца на межах з Расеяй і Беларуссю. Латвія і Літва мяжуюць з абедзвюма краінамі, а Эстонія – толькі з Расеяй. Краіны Балтыі – усе былыя савецкія рэспублікі, а цяпер члены НАТА і Еўрапейскага саюза – былі непахіснымі прыхільнікамі Украіны з першага дня ўварвання амаль два гады таму. Яны ўсталююць Балтыйскую лінію абароны, каб абараніць усходні фланг НАТА і пазбавіць свабоды перамяшчэння для праціўнікаў», – адзначае міжнароднае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






