Радыё «Свабода» звярнулася ў суд у Вашынгтоне, каб аднавіць фінансаванне, ухваленае Кангрэсам. Пазоў падалі супраць Агенцтва ЗША ў справе глабальных медыяў і двух прадстаўнікоў гэтай установы.

Нагодаю стала скасаванне гранта Кангрэсу ЗША, паводле якога фінансуецца RFE/RL. У пазове пазначана, што гэта парушае федэральныя законы і Канстытуцыю. Адмова ў грашах, якія ўжо выдаткаваў парламент, пярэчыць Канстытуцыі, якая надзяляе яго выключным правам вызначаць федэральныя выдаткі, перадае беларуская служба радыё «Свабода». Медыя таксама публікуе каментар кіраўніка RFE/RL Стывэна Капуса: «Цяпер не час саступаць тэрыторыю прапагандзе і цэнзуры з боку праціўнікаў Амерыкі. Мы думаем, што закон на нашым баку і святкаванне нашай смерці дэспатамі ўва ўсім свеце заўчаснае».