Швейцарыя далучылася да 15-га пакету санкцый Еўразвязу супраць Беларусі і Расеі. Санкцыі пачнуць дзейнічаць 24 снежня.

«Санкцыйны спіс Швейцарыі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расеі супраць Украіны і сітуацыяй у Беларусі цалкам адпавядае санкцыйнаму спісу Еўразвязу», — адзначаецца на афіцыйным сайце Федэральнай рады краіны.
Згодна з паведамленнем, абмежаванні датычацца 26-ці фізічных асоб і дзвюх арганізацый з Беларусі, актывы якіх будуць замарожаныя. Акрамя таго, ім забаронена надаваць фінансавыя і эканамічныя рэсурсы, а таксама тэхнічныя паслугі. «Асобы, якія трапілі пад санкцыі, у асноўным, прадстаўнікі судовай сістэмы, у тым ліку суддзі, адказныя за падаўленне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, а таксама кіраўніцтва пенітэнцыярных устаноў, дзе жорстка абыходзяцца з палітычнымі зняволенымі, — дадаткова падпадаюць пад абмежаванне на выезд», — адзначаецца ў паведамленні.
Беларускае Радыё Рацыя