BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Светлае пачуццё”

Калі ўсё жыццё вы былі чэрствым і няўдзячным, ніколі не позна змяніцца. Нават калі вы кіраўнік дзяржавы, і ў вас няма касцюма. Як казаў стары Кант, “падзяка – гэта маральная валюта, якой чалавек плаціць за дабро”. Дзякаваць трэба дакладна і, што самае важнае, своечасова, каб той, да каго гэта скіравана, зразумеў: вось яна, падзяка, тут і сёння. А не тое, што з 24 лютага 2022 года нейкіх 94 разы (статыстыка).

Фота: Getty Images

Яшчэ і памер мае значэнне. Нядбайнае “дзякуй” часта несуразмернае з той карысцю, якую вы атрымалі. Таму дзякаваць трэба шчодра. І словы прамаўляць з такой шчырай удзячнасцю, каб у таго, каму вы іх адрасуеце, не ўзнікла ні кроплі сумневу ў вашай шчырасці. Варта ўпусціць гэтае светлае пачуццё ў сваё жыццё — і будзе вам шчасце. Часам адных словаў бывае недастаткова, тады варта дадаць да іх невярбальныя знакі — напрыклад, пацісканне рукі. А калі і гэтага замала, то ў ход смела могуць пайсці абдымкі і пацалункі.

Таксама ў якасці падзякі можна аказаць чалавеку прыемную паслугу ў выглядзе, напрыклад, здабычы карысных выкапняў. Не забудзьцеся падзякаваць не толькі таму, каму вы абавязаныя, але і яго агрэсіўнаму сабаку. Дык вы атрымаеце хоць нейкую гарантыю, што пры наступнай сустрэчы на ​​яго зубах не застануцца фрагменты вашай вопраткі (касцюма?). 

Але, дзякуючы, не згубіце саміх сябе. І памятайце: лепш маленькі даляр, чым вялікае “дзякуй”.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя