BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Свята Незалежнасці Польшчы 11 лістапада — гісторыя святкаванняў

11 лістапада было ўведзена ў афіцыйны каляндар нацыянальных святаў адносна позна, толькі ў канцы 1930-х гадоў. У Акце Сейма ІІ РП ад 23 красавіка 1937 года гаварылася, што гэты дзень: «як гадавіна аднаўлення польскай нацыяй сваёй незалежнай дзяржаўнасці і як дзень, назаўжды звязаны з вялікім імем Юзэфа Пілсудскага, пераможнага галоўнакамандуючага ў барацьбе за свабоду Радзімы, — з’яўляецца ўрачыстым Днём Незалежнасці».

Дата 11 лістапада 1918 года адзначала момант, калі Рэгенцкая рада перадала поўную ваенную ўладу Юзэфу Пілсудскаму. У гэты дзень Германія заключыла перамір’е з дзяржавамі Антанты ў Камп’ене ​​(Францыя), што дэ-факта паклала канец Першай сусветнай вайне. Нягледзячы на ​​тое, што гадавіна гэтых падзей адзначалася ў Польшчы з 1919 года, яна насіла выключна ваенны характар. Сітуацыя змянілася пасля майскага перавароту 1926 года. Пілсудскі, тагачасны прэм’ер-міністр РП, устанавіў 11 лістапада выхадным днём для працы ў дзяржаўнай адміністрацыі; праз некалькі гадоў ён стаў выхадным і для навукоўцаў. З таго часу па ўсёй краіне праводзіліся службы, прысвечаныя радзіме, арганізоўваліся ўрачыстасці , а таксама праводзіліся ўрачыстыя ваенныя парады.

У Другой Польскай Рэспубліцы Дзень Незалежнасці афіцыйна адзначаўся толькі двойчы — у 1937 і 1938 гадах.

Уварванне ў Польшчу Трэцяга рэйха і Савецкага Саюза ў верасні 1939 года аказала значны ўплыў на святкаванне Дня незалежнасці. Афіцыйна яго адзначалі толькі польскія ўлады ў эміграцыі і Польскія ўзброеныя сілы на Захадзе. Зусім іншай сітуацыя была на тэрыторыях пад нямецкай і савецкай акупацыяй, дзе кожныя праявы «панскай» Польшчы бязлітасна падаўляліся.

У 1944 годзе Дзень незалежнасці Польшчы святкаваўся зусім у іншых абставінах. На тэрыторыях, вызваленых ад нямецкай акупацыі, цэнтральныя ўрачыстасці былі арганізаваны ў Любліне, дзе размяшчаліся камуністычныя ўлады — Дзяржаўная нацыянальная рада і Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення. Па горадзе прайшоў ваенны парад з удзелам салдат «Народнай» Польскай арміі і Чырвонай Арміі, а ў Гарадскім тэатры адбылася ўрачыстая цырымонія з удзелам вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Форма цырымоній нагадвала тыя, што былі да вайны. Такім чынам камуністы хацелі падкрэсліць працяг палітычнай улады і традыцыю барацьбы за незалежнасць.

Новая грамадска-палітычная сітуацыя ў Польшчы пасля заканчэння Другой сусветнай вайны паўплывала на змены ў календары нацыянальных святаў. У 1945 годзе камуністычныя ўлады адмянілі Дзень незалежнасці і ўстанавілі замест яго Нацыянальны дзень адраджэння Польшчы, які адзначаўся ў гадавіну абвяшчэння Маніфеста PKWN у Хелме 22 ліпеня 1944 года. Такім чынам камуністы спрабавалі сцерці з публічнай прасторы і грамадскай свядомасці постаць першага маршала Польшчы і дату 11 лістапада 1918 года.

Сітуацыя змянілася з узнікненнем палітычнай апазіцыі ў канцы 1970-х гадоў. 11 лістапада 1978 года апазіцыйныя групы ўпершыню пасля заканчэння вайны публічна прадэманстравалі гадавіну вяртання незалежнай і суверэннай Польшчы на ​​карту Еўропы. Ініцыятарам гэтых незалежных святкаванняў стаў Рух за абарону правоў чалавека і грамадзяніна ( ROPCiO), які пры актыўнай падтрымцы ветэранаў, актывістаў, студэнцкіх груп і Каталіцкага касцёла арганізаваў урачыстасці ў Гданьску, Кракаве, Любліне, Лодзі і Варшаве. У наступныя гады да арганізацыі святкаванняў далучыліся Канфедэрацыя незалежнай Польшчы (КPN) і «Салідарнасць». Законнае свята было адноўлена падчас «Карнавала Салідарнасці» (1980–1981), калі яно адзначалася цалкам публічна.

Пасля ўвядзення ваеннага становішча ў снежні 1981 года і забароны «Салідарнасці» апазіцыйныя групы на працягу 1980-х гадоў незалежна ад камуністычных улад арганізоўвалі ўшанаванні падзей 1918 года. Праводзіліся службы па каталіцкіх касёлах, арганізоўваліся патрыятычныя маршы, ускладаліся кветкі і вянкі да важных для польскай гісторыі мемарыяльных месцаў, такіх як Магіла Невядомага жаўнера ў Варшаве ці Помнік Канстытуцыі 3 мая ў Любліне. Нягледзячы на ​​тое, што камуністычныя ўлады таксама далучыліся да ўшанавання, пра што сведчыць ускладанне кветак да Магілы Невядомага салдата ў Варшаве, дзяржаўны і партыйны апарат, пры значнай падтрымцы Службы бяспекі, міліцыі і ZOMO (матарызаваных рэзерваў Грамадзянскай міліцыі), спрабаваў перашкодзіць незалежным святкаванням грамадскасці.

І мне пашэнціла ўдзельнічаць у гэтых асаблівых святкаванняў Дня Незалежнасці Польшчы ў Варшаве.

11 лістапада 1982 года на Вялікім панадворку Варшаўскага ўніверсітэта нелегальныя тады Канфедэрацыя незалежнай Польшчы (КPN) і Незалежнае згуртаванне студэнтаў (NZS) зладзілі мітынг з прамовамі і лозунгамі на плакатах ды скандаванні «11 лістапада – наша свята» і «салідарнасць».

Улады ўніверсітэта, каб не дапусціць да мітынгу і далей да непрадбачных наступстваў, зладзілі студэнтам гзв. рэктарскі час (мела не быць заняткаў у той дзень). А прыгадайма, у Польшчы ў той час дзейнічалі законы ваеннага становішча, і ўсялякія мітынгі, дэманстрацыі былі забароненымі. Аднак інфармацыя ад рэктара не да ўсіх трапіла ў час (у тым ліку і да мяне) і мітынг адбыўся. Без большых хваляванняў.

Затое ўвечары былі ўжо сутычкі з міліцыяй і ZOMO. Гэта мела месца на Тэатральнай плошчы пры Магіле Невядомага жаўнера, дзе студэнты, але і працоўныя хацелі ўскласці кветкі на знак пашаны айцам Незалежнасці.

Уся гэтая дэманстрацыя разганялася дубінкамі, слёзацечным газам і вадой ў сінім колеры (каб потым маглі пазнаць мокрага як ўдзельніка «нелегальнага зборышча», а тады злоўленага і пазначанага вадой падвергнуць рэпрэсіям, напрыклад, выключэннем з вучэльні, ці значным штрафам, на які дарэчы ладзілася зборка грошай сярод студэнтаў). Адзін з такіх студэнтаў, які даволі часта трапляў «на штрафы», меў мянушку «найдаражэйшы Марыё». Бо, каб не пасадзілі, збіралі для яго грошы на штраф. (Ідзе пра пазнейшага і вядомага палітыка Марыюша Камінскага).

І зноў жа я туды патрапіў …выпадкова.

У той час, непадалёк Магілы Невядомага жаўнера, у беларускім клубе па вуліцы Сенатарскай 8 праходзіла беларуская сустрэча з гісторыкам і журналістам «Нівы» Міколам Гайдуком. А так склалася, што аўтобусны прыпынак знаходзіўся зусім блізка ад падзеяў. Праўда, не трапіў пад дубінкі, але на сустрэчу прышоў «заплаканым»… Спадар Мікола распытаў мяне, што здарылася і сказаў «не лезьце туды, гэта не наша справа». Ці сапаўды – не наша? Доўгія гады лічыў яго словы памылковымі, цяпер не.

А вяртаючыся да свята Незалежнасці Польшчы, 11 лістапада.

Такія сутычкі праходзілі кожны год (некаторыя лічаць што праходзяць і зараз ў Варшаве 11 лістапада) у многіх гарадах Польшчы. Нават у Беластоку нешта падобнае было ў 1988 годзе, на пляцоўцы Філіяла тады Варшаўскага ўніверсітэта па вуліцы Сверкавай. І там апроч польскіх лозунгаў луналі і беларускія (ад студэнтаў беларускай нацыянальнай меншасці), у падтрымку і знак салідарнасці. Аб чым дарэчы гаварыла Радыё Свабодная Еўропа і пісала падпольная польская прэса.

Неўзабаве дата 11 лістапада 1918 года назаўсёды вярнуліся ў публічную сферу. Настолькі, што Сейм Польскай Народнай Рэспублікі, яшчэ тады, сваім актам ад 15 лютага 1989 года вярнуў 11 лістапада ў каляндар нацыянальных святаў пад крыху змененай назвай як Дзень незалежнасці краіны.

На заканчэнне варта дадаць, што ў тым жа пераламным 1989 годзе Польшча адзначала двойчы свята Незалежнасці краіны – 22 ліпеня (не было адменена) і 11 лістапада (было ўведзена).

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя