Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў межах візіту ў Варшаву зладзілі анлайн прэс-канферэнцыю. На пытанне асноўнага выкліку для беларускіх дэмакратычных сілаў у выгнанні адказала Святлана Ціханоўская:
– Няма адказу на пытанне, колькі год спатрэбіцца, у краіне тэрор, там усё зруйнавана. Але ж нягледзячы на гэтыя рэпрэсіі людзі аб’ядноўваюцца ўнутры краіны і па-за яе межамі. Канешне людзі шмат ахвяравалі, але нам нельга казаць, што ўсё гэта было дарма. Не ўдалося гэтаму рэжыму “перагарнуць старонку”, беларусаў больш не падманіш. Усе беларусы разумеюць, чаму такія цяжкія абставіны ў нашай краіне – з-за дзеянняў Лукашэнкі і яго рэжыму. Кожны беларус павінен разумець, што ніхто, акрамя беларусаў, не вырашыць гэтую праблему.
Намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка агучыў прамежкавыя вынікі Кабінета з Міністэрствам юстыцыі Польшчы:
– Пакуль сітуацыя патавая, але падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы, з міністрам па еўрапейскіх справах Польшчы, мы падымалі пытанне чарговага, моцнага санкцыйнага пакету ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі. Прыняцце праваабарончага санацыйнага пакету. Напрыклад, мы ведаем, што зараз палітзняволеныя выкарыстоўваюцца, як працоўная сіла для вытворчасці рознай прадукцыі, якая пазней прадаецца, як мінімум у Польшчу, у 20 краін свету. Менавіта гэтая прадукцыя можа патрапіць пад санкцыі. Была таксама папярэдняя згода з боку міністра замежных спраў Польшчы, каб мы прапанавалі вялікі персанальны санацыйны пакет.
Вядома, што падчас сустрэчы намеснік міністра юстыцыі Польшчы Кшыштаф Смішак зазначыў, што міністэрства будзе надаваць асаблівую ўвагу аднаўленню ў правах ахвяр грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Адпаведна будуць прыкладзеныя намаганні для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці ў межах міжнародных крымінальных механізмаў.
Беларускае Радыё Рацыя