BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Святлана Ціханоўская і Вадзім Кабанчук возьмуць удзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

14-16 лютага кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская на запрашэнне кіраўніцтва Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы прыме ўдзел у яе працы, паведамяле t.me/CabinetBelarus.

Канферэнцыя – адна з найважнейшых сусветных платформ для абмеркавання асноўных выклікаў у галіне міжнароднай бяспекі. Асноўная ўвага сёлета будзе нададзена пытанням бяспекі ў рэгіёне, шляхам да мірнага вырашэння расейска-ўкраінскай вайны і ролі Беларусі ў гэтых працэсах.

Дэмакратычная лідарка возьме ўдзел у асноўнай праграме форуму, дзе выступіць на галоўнай сцэне ўпершыню за апошнія чатыры гады. Яе ўдзел у дзвюх дыскусіях асноўнай праграмы сведчыць пра важнасць беларускай тэматыкі на міжнародным узроўні і падкрэслівае прынцып «нічога пра Беларусь без беларусаў». Пасля асноўных дыскусій адбудзецца асобны сайд-івэнт, прысвечаны сітуацыі ў Беларусі пасля «бязвыбараў» 2025 года.

Акрамя таго, у складзе беларускай дэлегацыі на асноўную частку канферэнцыі запрошаны прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук.

Святлана Ціханоўская таксама правядзе сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаў і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый. Яна прадставіць бачанне дэмакратычных сіл Беларусі наконт шляхоў вырашэння беларускага крызісу, уключаючы вызваленне палітвязняў і недапушчэнне ўцягвання беларускіх войск у вайну.

Чакаецца, што ў канферэнцыі прымуць удзел кіраўніцтва Украіны, дэлегацыя новай адміністрацыі ЗША, а таксама шэраг еўрапейскіх і міжнародных лідараў.