Беларусы не змаглі перамагчы рэжым Лукашэнкі, мо варта ісці з ім на перамовы, каб вызваліць хоць частку вязняў? Усё часцей пачынаюць гучаць такія наратывы. Некаторыя людзі ўнутры Беларусі ў цяперашніх умовах стараюцца прыстасавацца і неяк пераседзець гэты жахлівы час. А іншыя з’язджаюць за мяжу.

Мы запыталіся ў беларусаў, якія з’ехалі ў Літву ў розны час, што яны думаюць наконт гэтых наратываў:
– Вельмі рана яшчэ казаць пра тое, хто там прайграў, хто выйграў, таму што калі мы паглядзім на самы яскравы прыклад, тая ж Польшча, то яна 10 гадоў змагалася з Савецкім саюзам. У нас яшчэ ўсё толькі пачынаецца. Ніхто яшчэ не прайграў.
– Мы нічога не прайгралі, у нас паўза, мы збіраемся з сіламі, і я спадзяюся, што Беларусь будзе вольнай.
– Не, перамога будзе за намі! Няважна колькі будзе цягнуцца наша супрацьстаянне, рана ці позна мы ўсё адно справімся з гэтым. Ні адна дыктатура не стаяла вечна.

Паводле дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай, яна ўпэўненая ў тым, што тыя людзі, якія штосьці робяць, нават маленькія крокі, ніколі не скажуць, што ўсё прапала:
– Яны разумеюць, што яны ў гэтым руху, свой унёсак укладваюць. І таму ў іх няма нават думкі такой, што ўсё прапала. Але людзі, якія назіраюць звонку, яны не ўдзельнічаюць у палітычным жыцці, грамадскім, проста жывуць – добра, і такое таксама павінна быць – але ж не кажыце, што ўсё пагасла. Бо калі я размаўляю з людзьмі, якія ў Беларусі, яны кажуць, што нам так прыкра чуць, калі нам кажуць, што ў Беларусі ўжо нічога не засталося. Мы тут. Так, мы не можам быць гучнымі, але ж мы тут.
Як кажа Святлана Ціханоўская, яны, можа, і не дасягнулі тых мэтаў, якія ставілі перад сабой, але яны бачаць, што і рэжым таксама неспакойны, ён ведае, што як толькі будзе магчымасць, беларусы будуць на вуліцах. І зараз задача дэмакратычных сілаў трымаць рэжым Лукашэнкі ў пастаянным стрэсе.



Беларускае Радыё Рацыя






