
У кароткім звароце лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў распавяла пра мэты візіту і запланаваныя сустрэчы.
– У праграме Вашынгтон, Арызона і Тэхас. Наша мэта – вярнуць Беларусь у амерыканскую павестку і нагадаць, што свабода Беларусі – гэта і пытанне рэгіянальнай бяспекі, і інтарэс саміх ЗША. Мы сустрэнемся з прадстаўнікамі новай адміністрацыі, з сенатарамі, кангрэсменамі, экспертнай супольнасцю. Мы будзем абмяркоўваць наступныя крокі па вызваленні палітвязняў, захаванні падтрымкі для нашых медыяў, працяг стратэгічнага дыялогу з ЗША. Злучаныя Штаты Амерыкі – наш партнёр і саюзнік. І безумоўна я сустрэнуся з беларусамі Амерыкі. Гэта заўжды мая любімая частка візіту. Я буду паведамляць навіны. Жыве Беларусь!
Прэс-служба Ціханоўскай дадае, што візіт у ЗША пачнецца з удзелу ў Sedona Forum, які пройдзе ў штаце Арызона 2–3 траўня. Палітык возьме ўдзел у панэльнай дыскусіі «Усходнія рубяжы: Расея, Украіна і новы сусветны парадак». Яна закране тэмы вайны ва Украіне, удзелу рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі, барацьбы беларускага народа за свабоду, а таксама магчымы ўнёсак дэмакратычнай Беларусі ў сістэму рэгіянальнай бяспекі. Форум у Сэдоне штогадова збірае сусветных лідараў, палітыкаў, экспертаў і практыкаў для абмеркавання актуальных выклікаў і шляхоў умацавання сістэмы сусветнай бяспекі.
Беларускае Радыё Рацыя






