BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Святлана Ціханоўская пра хуткую Вестфальскую канфэрэнцыю і будучыню беларусаў у выгнанні

Святлана Ціханоўская: Рэжым Лукашэнкі спрабуе нас раз’яднаць і кідае выклікі, але мы справімся

З 3 па 4 красавіка ў Мюнстэры адбудзецца 2-я Вестфальская мірная канферэнцыя, у якой прыме ўдзел Святлана Ціханоўская – наша сённяшняя Госця Рацыі. У рамках мерапрыемства яна абмяркуе важнейшыя глабальныя пытанні, у тым ліку перспектывы перамір’я паміж Украінай і Расеяй ды магчымы ўдзел у гэтым працэсе Беларусі. Акрамя таго, Святлана Ціханоўская адмыслова для Беларускага Радыё Рацыя пракаментавала апошнія падзеі, у тым ліку знікненне Анжалікі Мельнікавай, і дала свае ацэнкі бягучай палітычнай сітуацыі ў краіне і за мяжой, а таксама адказала на пытанне пра перспектывы вяртання беларусаў з выгнання ў Беларусь.

РР: Вы хутка будзеце на канферэнцыі ў Мюнстэры. З чым едзеце, з якімі пасыламі і чаканнямі?

Святлана Ціханоўская: У першую чаргу я еду з падтрымкай дэмакратычнага руху Беларусі. Буду ставіць, канешне, пытанне пра вызваленне палітвязняў і ўзмацнення міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі. Падчас канферэнцыі будзем абмяркоўваць выклікі для беларускай незалежнасці і небяспеку з боку Расеі, і, канешне, ролю Украіны, Беларусі ў еўрапейскай бяспецы.

Увогуле мая задача каб Беларусь была ў фокусе і на парадку дня, і каб Беларусь не ўспрымалі як страчаны шанец ці як расейскую калонію. Каб бачылі нашу краіну не толькі праз прызму вайны і праз дзеянні Лукашэнкі, але, перш за ўсё, праз прызму беларусаў, якія змагаюцца за свабоду, за нашу незалежнасць. І ў Германіі я планую давесці да міжнароднай супольнасці адну простую думку, бо вельмі важна, каб яны гэта пачулі: што без вольнай Беларусі немагчыма гарантаваць доўгатэрміновы мір у Еўропе, каб яны ў сваёй стратэгіі таксама гэта ўлічвалі.

РР: Ці лічыце, што на канферэнцыі сапраўды асноўным пытаннем будзе ўкраінскае перамір’е, і як Беларусь у гэтым выпадку можа адыграць сваю ролю? Рэжым Лукашэнкі можа выступіць гарантам мірных перамоваў? Ці могуць беларусы ў выгнанні нейкім чынам паспрыяць чымсьці дапамагчы ў гэтым працэсе?

Святлана Ціханоўская: Я думаю, што пытанне ўкраінскага перамір’я будзе цэнтральнай тэмай, бо ад гэтага залежыць лёс Еўропы. Але, здаецца, мала хто верыць, што Пуцін і Лукашэнка хочуць міру. Усе разумеюць, што перамір’е можа стаць перадышкай для Пуціна, каб узнавіць вайну ў будучыні. І новай мэтай можа ўжо стаць не Беларусь і Украіна, а краіны Еўрапейскага звязу. І канешне, лукашэнкаўская Беларусь не можа ўспрымацца самастойным гульцом у перамовах, і я не веру, што Лукашэнка нейкім чынам будзе ўдзельнічаць у працэсе перамоваў. А мы, як дэмакратычныя сілы, будзем дабівацца, каб за нас гаварылі дэмакратычныя саюзнікі, і за нашу незалежнасць у тым ліку. І таму мы настойваем, каб за сталом перамоваў быў Еўрапейскі звяз. Бо мы тлумачым, што перамовы – гэта не толькі пра Украіну, гэта таксама пра лёс усёй Усходняй Еўропы. І канешне ў інтарэсах Еўрапейскага звязу каб і Беларусь, і Украіна, і Малдова не трапілі ў сферу ўплыву Расеі.

РР: Мы ўсе спадзяемся, што ў гэтым годзе нарэшце ўсё ж такі здарыцца гэтае перамір’е і не выбухне трэцяя сусветная вайна. Калі адбудзецца такі варыянт перамір’я, наколькі рэальным будзе вяртання гэтай новай незалежнай Беларусі назад да нармальнага жыцця пасля працяглай палітычнай ізаляцыі? Колькі спатрэбіцца часу на аднаўленне міжнародных адносін, і ці ёсць у вас гатовы сцэнар вяртання ў Беларусь тых, хто ў выгнанні?

Святлана Ціханоўская: Я думаю, што паўнацэннае аднаўленне міжнародных адносін магчыма толькі пасля змены ўлады ў Беларусі і правядзення свабодных выбараў. Гэта тое, чаго мы дамагаемся. Зараз Лукашэнка з’яўляецца таксічнай фігурай для Захаду, і ў выпадку перамір’я, я думаю, яго становішча не зменіцца. З іншага боку, сам Лукашэнка не зацікаўлены ў вывадзе Беларусі з ізаляцыі, бо для яго так нашмат прасцей праводзіць рэпрэсіі. Я не бачу, што пазіцыя рэжыму вельмі ўстойлівая. Цяпер рэжым цалкам залежыць ад Расеі і не мае падтрымкі сярод беларусаў.

Мы павінны разумець, што перамір’е ва Украіне не азначае аўтаматычнае спыненне рэпрэсій у Беларусі. Многае залежыць ад таго, на якіх умовах гэтае перамір’е будзе заключана. Калі Пуцін выйдзе пераможцам, то гэта можа ўзмацніць і пазіцыі Лукашэнкі. Сітуацыя можа стварыць новыя пагрозы для нашай краіны, бо Расея яшчэ больш зафіксуе кантроль над нашай краінай. Так ці інакш лукашэнкаўскі рэжым не стане больш легітымным у выпадку перамір’я. Але новая сітуацыя можа адкрыць новыя магчымасці, бо калі будзе замірэнне, то зноў увага вернецца да Беларусі і па Беларусі будуць прымацца рашэнні. І ўсе тыя кантакты, якія мы напрацавалі за апошнія гады, могуць сыграць важную ролю. І ў кожным выпадку нашая задача – працягваць інфармацыйную, праваабарончую працу, падтрымліваць палітвязняў, мабілізаваць міжнародную супольнасць і, канешне, перш за ўсё ставіць пытанне вызвалення палітвязняў.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Офіса Святланы Ціханоўскай