BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам унутраных спраў Польшчы

У Варшаве кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам унутраных спраў Томашам Семонякам. Разам з Ціханоўскай у сустрэчы прыняў удзел яе намеснік Павел Латушка, паведамляе прэс-служба палітыка.

Ціханоўская выказала падзяку міністру Семоняку за дзейнасць працоўнай групы па пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы. “Польшча заўсёды была побач з беларусамі, і я ўдзячная за вашу прынцыповую пазіцыю па ціску на рэжым і за дапамогу беларусам”, — адзначыла яна.

Ціханоўская падзякавала міністру за тое, што Польшча зрабіла шырокія выключэнні для праезду аўтамабіляў на беларускіх нумарах, правозу прадуктаў для асабістага карыстання, а таксама спрасціла ўмовы знаходжання беларусаў у Польшчы.

Ціханоўская перадала новыя прапановы ад дэмакратычных сіл па спрашчэнні працэдур легалізацыі беларусаў у Польшчы, у тым ліку – па выдачы праязных дакументаў на больш доўгі тэрмін, па віду на жыхарства для дзяцей і па іншых дакументах. Абмеркавалі магчымасць стварэння міжведамаснай рабочай групы па Беларусі для вырашэння такіх пытанняў у будучым. «Удзячная міністру за сустрэчы і за падтрымку. Мы працягваем супрацоўніцтва і будзем разам вырашаць пытанні і праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой, у тым ліку і ў Польшчы», – адзначыла яна.

Ціханоўская высока ацаніла ўклад польскіх уладаў і грамадства ў барацьбу з паводкай, падкрэсліўшы, што беларусы ў Польшчы актыўна ўдзельнічалі ў валанцёрскіх ініцыятывах.
Падчас сустрэчы абмеркавалі сітуацыю з палітычнымі вязнямі і шляхі іх вызвалення, сітуацыю з польскай меншасцю ў Беларусі, пытанні бяспекі на польска-беларускай мяжы, а таксама – пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд.

Ціханоўская заклікала працягнуць барацьбу за вызваленне палітычных зняволеных, у тым ліку Анджэя Пачобута.