
Спачуванні блізкім і сябрам беларускі, якая памерла 1 сакавіка ў варшаўскай бальніцы праз некалькі дзён пасля згвалтавання і спробы забойства, выказала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. Паводле яе слоў, дзяўчына “адчайна змагалася за сваё жыццё”, якую “у яе бязлітасна адабралі”.
“У нашым свеце не павінна быць месца жорсткасці і гвалту. А вінаватыя ў такіх злачынствах павінныя быць пакараныя”, — падкрэсліла Ціханоўская.
1 сакавіка партал onet.pl паведаміў, што грамадзянка Беларусі, якая 25 лютага зведала згвалтаванне і спробу забойства ў польскай сталіцы, памерла ў бальніцы. Пацверджана смерць мозгу, заявіла прадстаўніца Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта Барбара Мяткоўска.
Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла дзяржаўным СМІ, што накіравала ў праваахоўныя органы Польшчы “адпаведныя запыты”, паколькі “у беларускія замежныя ўстановы ніякіх зваротаў або афіцыйнай інфармацыі” адносна смерці беларускі “не паступала”.
Па справе пра напад на беларуску затрыманы 23-гадовы мужчына. Ён арыштаваны на тры месяцы.






