З 3 па 6 сакавіка Святлана Ціханоўская наведае чатыры італьянскія гарады. Падчас працоўнага візіту яна правядзе шэраг сустрэчаў на вышэйшым узроўні, гаворыцца ў паведамленні ў тэлеграм-канале палітыка.

Таксама Ціханоўская выступіць з прамовай на другой сустрэчы Альянсу «За дэмакратычную Беларусь». Да гэтага івэнту далучацца прадстаўнікі 20 парламентаў з розных краінаў, беларускія эксперты і праваабаронцы, а таксама сябры Каардынацыйнай рады, беларускіх палітычных партый і народных амбасадаў. Першая такая сустрэча прайшла ў Германіі ў 2023 годзе.
Акрамя таго, Святлана Ціханоўская абмяркуе з мэрамі Фларэнцыі, Мілана і Балонні магчымасць вылучэння памяшкання для беларускага шэлтара, а ў Мілане наведае адкрыццё выставы, прысвечанай беларускім палітвязням. Сярод пытанняў, якія будуць закранутыя на сустрэчах: спосабы вызвалення беларускіх палітвязняў; візавая падтрымкі і захаванне мабільнасці беларусаў; легалізацыя беларусаў у Італіі; прыцягненне да адказнасці памагатых рэжыму за злачынствы супраць правоў чалавека і ўдзел у ваенных дзеяннях ва Украіне; умацаванне супрацоўніцтва Італіі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.






