Медалём «За заслугі перад дэмакратыяй» узнагародзілі кіраўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлану Ціханоўскую, вынікае з паведамлення амерыканскага Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі (NED), які заснаваў гэтую ўзнагароду.

Як піша «Позірк», арганізацыя вырашыла адзначыць Святлану Ціханоўскую «за беспрэцэдэнтнае лідарства і асабістую ахвярнасць у імя абароны дэмакратыі ад аўтарытарызму».
У паведамленні яна, сярод іншага, названая «нацыянальным лідарам Беларусі» і «абраным прэзідэнтам Беларусі». Падкрэслена, што «пасля прымусовага выгнання Ціханоўская натхніла беспрэцэдэнтныя мірныя пратэсты ў Беларусі», а пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну «ўзначаліла антываенны рух, накіраваны на прадухіленне ўдзелу Беларусі ў вайне». Узнагароду ўручаць 13 чэрвеня.
Акрамя Ціханоўскай, медалямі NED сёлета ўганараваныя расейскі палітвязень журналіст Уладзімір Кара-Мурза, лідар рэспубліканскай меншасці ў Сенаце ЗША Мітчэл Макконэл, былая спікерка Палаты прадстаўнікоў амерыканскага Кангрэсу Нэнсі Пэлосі і іншыя.






