Госця Рацыі — доктарка філасофскіх навук, прафесарка дэпартаменту сацыяльных навук ЕГУ Таццяна Шчытцова. Абмяркоўваем з ёй яе новую кнігу, навукова-папулярны твор «Салідарнасць узрушаных. Эсэ пра Беларускую рэвалюцыю». Размаўляла Алеся Вербаловіч.

РР: Раскажыце, дзе вашая кніга была выдадзена, як доўга над ёй працавалі. І што гэта наогул? Гэта назіранні за апошнія чатыры гады? Ці гэта нейкае падсумаванне?
Таццяна Шчытцова: Кніга прысвечана менавіта 2020 году, то бок падзеям, якія адбываліся менавіта ў 20-ым. Я пазначаю гэта як менавіта Беларуская рэвалюцыя. Кніга выйшла ў верасні 2024 года. Зусім нядаўна. І атрымліваецца, што я працавала над кніга, можна сказаць, тры гады. Бо я пачала працаваць яшчэ ў 2020 годзе. Шмат ідэяў і тэзаў, якія сфармуляваны ў гэтай кнізе, былі мной у тым ці іншым выглядзе апублікаваны ў розных тэкстах, якія з’яўляліся на публічных пляцоўках у формах, адрэсаваных для шырокай аўдыторыі.
Гэтая кніга ўяўляе сабой усё ж такі навуковую манаграфію. Кніга апіраецца таксама на пэўнае кола імперычных даследаванняў. Я маю на ўвазе, што цягам падрыхтоўкі гэтай кнігі ўжо ў 2020 годзе я разумела, што нашыя падзеі патрабуюць вельмі грунтоўнага асэнсавання. І таму пасля выбараў, калі пачалася масавая пратэсная актыўнасць, я восенню 2020 года і на самым пачатку студзеня 2021 года праводзіла адмысловыя інтэрв’ю з беларусамі, большая частка з іх удзельнічала ў пратэсных розных актыўнасцях. Некаторыя не ўдзельнічалі. Гэта былі грунтоўныя інтэрв’ю, на мове сучаснай сацыялогіі, глыбінныя інтэрв’ю.
То бок была такая мэтанакіраванасць з самага пачатку. Ужо напрыканцы 2020 года я разумела, што я буду пісаць кнігу. І пэўны час спадзявалася, што яна з’явіцца раней, але так склаліся абставіны, што гэтая праца зацягнулася. І я скончыла пісаць напрыканцы 2023 года. А затым быў патрэбны пэўны час, каб падрыхтаваць гэты рукапіс, розныя фармальнасці і г.д. І вось яна з’явілася ў верасні 2024-га.
І зараз, калі ўжо кніга выйшла, я думаю, што і добра, што большы час на гэта пайшло, таму што пэўныя рэчы ўдалося сфармуляваць такім чынам, якім мабыць у 2021-ым яшчэ не выспелілі ў мяне такія фармулёўкі, асэнсаванне. І яшчэ што важна падкрэсліць, заключэнне да кнігі, фінальная частка, яна прысвечана нацыянальнаму пытанню, прысвечана таму, як нашая рэвалюцыя актуалізавала нацыянальнае пытанне, пытанне нашай нацыянальнай свядомасці. Як гэтая новая дэмакратычная супольнасць, якая з’явілася і маніфеставала сябе ў 2020 годзе, як сама пратэсная актыўнасць, як гэты супраціў, як ён вывеў на першы план пытанне новага нацыянальнага вызначэння.

РР: А падзеі, якія былі пасля нашай рэвалюцыі, ці знайшлі яны адлюстраванне ў кнізе? Гісторыя наша яшчэ пішацца, працягваецца.
Таццяна Шчытцова: Я з вамі цалкам згодна, што гэта таксама патрабуе асэнсавання, але гэтая кніга прысвечана менавіта 2020 году, таму што задачу я ставіла перад сабой вельмі канкрэтную ў даследчым сэнсе. Я імкнулася адказаць на пытанне пра тое, як так склалася, што з’явіўся вось гэты новы калектыўны публічны суб’ект. Бо мы добра памятаем, што ніхто не чакаў – ні людзі ў самой Беларусі, ні эксперты, ні навуковыя даследчыкі з розных краін – ніхто не мог прагназаваць тое, што нашая супольнасць, беларусы здольныя да такой супольнай салідарнасці, да такой пратэснай дзейнасці, якая была вельмі добра адрэфлексавана, якая ўключала вельмі разнастайныя формы, вельмі вялікую здольнасць да самаарганізацыі, вялікую крэатыўнасць, у сэнсе прасоўвання сваіх каштоўнасцяў, самаарганізацыі, выкарыстоўванне тэхнічных сродкаў і г.д. То бок я ставіла пытанне як філосафка, бо зноў-такі падкрэсліваю, гэта навукова манаграфія, і пытанне было такое: як з’явілася вось гэтае новае «мы», на якіх падставах, чым гэта было абумоўлена, якія структурныя прынцыпы зрабілі гэта наогул магчымым.
І яшчэ я хачу дадаць, нягледзячы на тое, што гэта навуковае даследаванне, я імкнулася пісаць кнігу так, каб усё ж такі яна магла быць адрасавана не толькі навукоўцам, не толькі акадэмічнаму колу, але і больш шырокай аўдыторыі. Ну і, канешне, перш за ўсё адрасавана беларусам, якія былі часткай і з’яўляюцца часткай гэтага новага калектыўнага палітычнага суб’екта і тым ці іншым чынам былі ўцягнуты ў гэтыя вялікія гістарычныя падзеі, якія можна пазначыць тэрмінам «Беларуская рэвалюцыя».
Цалкам размова:
Набыць кнігу можна на сайце выдавецтва «Логвінаў».
Беларускае Радыё Рацыя






