BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Такі да!”

Дзяржава-«асвабадзіцель» тры ночы запар абараняла (чытай — тэрарызавала) амаль цалкам рускамоўную Адэсу. Адна з атак, паводле інфармацыі Сіл абароны Поўдня Украіны, каштавала больш за 109 мільёнаў даляраў. Сумарна трыццаць крылатых, балістычных, аэрабалістычных ракет розных тыпаў і трыста дронаў! І гэта толькі прыблізны кошт узбраенняў без уліку выдаткаў на поўную рэалізацыю атакі.

Адэса пасля атакі расейцаў
Адэса пасля атакі расейцаў

Замест альтэрнатыўных выдаткаў на развіццё грамадзянскай інфраструктуры ўласнай краіны РФ свядома абірае праводзіць маштабныя ракетна-дронавыя ўдары па ўкраінскіх гарадах. Прапагандысты зларадна завуць напады “ювелірнымі”, пры гэтым, нібы мантру, паўтараюць, што “Одесса – русский город”.

Тым часам адэсіты, якія ўжо некалькі сутак жывуць без электрычнасці, дзеляцца ў сетцы лайфхакамі: як сагрэцца з дапамогай цэглы; як прыгатаваць ежу на свечках; як ператварыць аўтамабіль у генератар. І ўсё гэта суправаджаецца каларытнымі, па-сапраўднаму адэскімі, каментарамі.

Людзі, для якіх гумар – філасофія жыцця, нават у такіх умовах пацвярджаюць свой унікальны культурны феномен, а смех выкарыстоўваюць як інструмент для пераадолення цяжкасцяў. І ненавідзяць “русский мир”, хоць той з усіх сіл і спрабуе перашкодзіць адэсітам рыхтавацца да навагодніх святаў. Не перашкодзіць. Такі да!

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя