BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Такой сканцэнтраванай атакі рэжыму на нас яшчэ не было”

Народнае Антыкрызіснае упраўленне прааналізавала дзейнасць рэжыму Беларусі адносна падрыхтоўкі да вайны і прэзентавала адпаведны даклад.

кіраўнік НАУ Павел Латушка

“Сёння мы можам з упэўненасцю сцвярджаць, што Лукашэнка ніколі не быў так “узброены”, як сёння”, – распавёў кіраўнік аб’яднання Павел Латушка.

-Гэта не азначае, што заўтра ён сам пойдзе ваяваць з кімсьці. Але гэта азначае, што ён рыхтуецца, як саюзнік РФ. Канстытуцыя Беларусі ўжо не прадугледжвае нейтральны статус Беларусі. Прапісана ўжо магчымасць удзелу войскаў Беларусі ў вайне на тэрыторыі іншых дзяржаў. Яны прадугледжваюць нават магчымасць нанясення папераджальных удараў. Такі менавіта падыход скарыстала Расея ў 2022 годзе супраць Украіны. Выдаткі на абарону – 32% росту, гэта каля 9% ВВП. Гэта новыя ўзбраенні, 4 тысячы новых адзінак узбраенняў толькі ў мінулым годзе было пастаўлена арміі Беларусі. Гэта так званая “лінія Хрэніна” і апорныя пункты абароны ў Гомельскай, Гарадзенскай, Берасцейскай абласцях. Ён змяніў сістэму мабілізацыі. Нават зараз вязняў можна браць у армію ў сітуацыі ваеннага становішча.  Інфармацыйна-ідэалагічная апрацоўка, пачынаючы з дзяцей, але і ўсяго грамадства.

РР: Вы адзначылі, што апошнім часам назіраліся спробы вярбоўкі чальцоў НАУ.

Павел Латушка: Так, сем чалавек з нашай каманды атрымалі мэсэджы, якія можна трактаваць як спробы вярбоўкі. Выкарыстоўваецца шантаж, подкуп, прапаноўваецца супраца, прапаноўваецца чыстае жыццё, чысты пашпарт. Выкарыстоўваюцца розныя метады дэскрыдытацыі і пагрозаў. І інфармацыя, якую мы атрымалі менавіта 27 – 28 ліпеня, на жаль, працягваецца. Яна датычная 17 членаў нашай каманды. То бок 7 атрымалі канкрэтныя пагрозы, але ўтрымлівае інфармацыю, датычную 17 членаў НАУ. Такой сканцэнтраванай атакі на нас не было. Зразумела, гэта праца на псіхалагічным узроўні супраць нас, але мы бачым і рэальныя дзеянні, на жаль. Гэта нападзенне ў Варшаўскім універсітэце, спроба забойства, і гэтую крымінальную справу вядзе пракуратура, гэта пагрозы, якія атрымалі апошнім часам і я, і Ціханоўская аб забойстве на тэрыторыі Польшчы.

Мы ведаем з вамі пра знікненне Анжалікі Мельнікавай, але мы не ведаем, ужо чатыры месяцы прайшло, дзе яна, што з ёй. Ці яна жывая – паўстае на сённяшні дзень пытанне. Я накіраваў запыт у краёвую пракуратуру Польшчы з просьбай прадставіць магчымую інфармацыю. У папярэднюю камунікацыю з польскім бокам мне казалі, што ў іх таксама выклікае заклапочанасць, што такі працяглы час няма ніякай інфармацыі. Чалавек знік, самастойна гэта асоба зрабіць не можа. Верамейчык, які быў выкрадзены з В’етнама супрацоўнікамі КДБ і шмат такіх прыкладаў, на жаль, мы можам прывесці. Лукашэнка сваімі рукамі фактычна ўжо дацягнуўся да Еўропы, ён тут здзяйсняе злачынствы.

Цалкам гутарка:

Павел Латушка і Арцём Брухан
Даклад НАУ пра падрыхтоўку рэжыму Беларусі да вайны
спробы вярбоўкі супрацоўнікаў НАУ

Беларускае Радыё Рацыя