У Расеі выбары пад выбухі беспілотнікаў і акцыі непадпарадкавання. У Беларусі адзначылі чарговы год без Канстытуцыі. Упершыню «Оскара» атрымаў украінец, той самы які зняў забойства Аляксандра Тарайкоўскага.

Палітычныя аналітыкі пільна ўглядаюцца ў Расею 17 сакавіка. Мала хто сумняецца, што як і ў любой дыктатуры выбары ў Расеі – шоў лаяльнасці ўладзе, а не волевыяўленне, якое будзе дакладна падлічанае і задакументаванае.
Тым не менш, мы бачым як урны і бюлетэні падпальваюць, заліваюць зялёнкай, псуюць антыпуцінскімі надпісамі, як шмат у якіх месцах ладзяцца акцыя «Поўдзень супраць Пуціна». Цытую паводле выдання «Сапраўдны час»: «Её участники одновременно соберутся, чтобы проголосовать против действующего президента или испортить бюллетень. Декларируемая цель – наглядно показать, что среди избирателей есть противники Путина и они могут безопасно собраться в одном месте».
Ніхто асабліва не спадзяецца на нейкія кардынальныя перамены ў Расеі ў звязку з імітацыяй прэзідэнцкіх выбараў. Тым не менш, мы бачым, што крамлёўская дыктатура не такая маналітная, як хоча падавацца.
______________________
У Беларусі 15 сакавіка быў Дзень Канстытуцыі, створанай у 1994 годзе. Акурат гэтая канстытуцыя ўводзіла інстытуцыю прэзідэнцтва ў Беларусі. Ніхто з палітолагаў не сумняецца, што пісалася канстытуцыя пад тагачаснага прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, які хацеў ачоліць дзяржаву. Атрымалася інакш.
Канстытуцыя як легітымны дакумент праіснавала да 24 лістапада 1996 года, калі Лукашэнка зладзіў канстутыцыйны пераварот, паставіўшы сябе вышэй за любыя законы.
Ад таго часу Беларусь кіруецца ў ручным рэжыме, вяршыняй якога стала ўстаноўка Лукашэнкі ў 2020 годзе з фармулёўкай «інагда не да законаў».
______________________
На мінулым тыдні амерыканская кінаакадэмія ўручыла «Оскара» за лепшы поўнаметражны дакументальны фільм украінскаму рэжысёру Мсціславу Чарнову за стужку «20 дзён у Марыўпалі».
Марыўпальская трагедыя працяглая, маштабная, разнапланавая. Стужка Мсціслава Чарнова – гэта каласальнае сведчанне масавых злачынстваў крамлёўскага рэжыму ў асобе Пуціна на ўкраінскіх землях.
Для беларусаў імя Мсціслава Чарнова важнае асабліва. Бо гэта ён засняў 10 жніўня 2020 года момант забойства мірнага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага. Здымак выкрыў хлусню лукашэнкаўскіх карнікаў пра тое, што ў Тарайкоўскага ў руках было выбуховае прыстасаванне.
Аляксандр Тарайкоўскі быў першай ахвярай тэрору, які пачаўся з выбараў 2020 года, і трывае дагэтуль. Ахвяраў, як забітых, так і забітых праз ненаданне медычнай дапамогі, ужо значна болей.
Мяркую, тады ў 2020 годзе карнікі ставілі перад сабой задачу забойствам Тарайкоўскага застрашыць патэнцыйных удзельнікаў пратэсту. Насамрэч, толькі разварушылі вулей.
Хоць вулей быў заліты крывёю, мы – пчолы – усё памятаем, і ведаем, што гістарычны працэс не спыніўся.
______________________
Праваабарончы цэнтр «Вясна» выдаў фільм «Фіялетавыя слёзы»: пра былую палітзняволеную Дар’ю Кароль:
«Са жніўня 2020 года палітычны пераслед у Беларусі зазналі больш за 8000 жанчын. Па крымінальных артыкулах было асуджана не меней за 1030 жанчын, з іх мінімум 242 – да калоніі. На дадзены момант у месцах няволі ўтрымліваецца 170 палітычных зняволеных жанчын.
Дарʼю Кароль утрымлівалі на «Валадарцы» за ўдзел у акцыях пратэсту чатыры месяцы. Яна распавяла сваю гісторыю ў засценках Музею праклятых жаўнераў і палітычных вязняў часоў Польскай народнай рэспублікі ў Варшаве. Яго ўмовы вельмі падобныя на менскі СІЗА-1».
Падтрымліваем суайчыннікаў у нядолі дзе можам. Жыве беларуская салідарнасць!
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






