BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тэма дня “Мінуў тыдзень”

Галоўная падзея апошніх дзён – смерць Аляксея Навальнага, расейскага апазіцыйнага палітыка.

Кажуць, што адарваўся тромб, а я бачу забойства праз несвоечасовае наданне медычнай дапамогі. Пазней гісторыкі раскапаюць праўду. Сёння важна зразумець, што праблема не ў тым цікавы вам Навальны ці не, і не ў тым нават ці цікавыя вам навіны з Расеі.

Пытанне ў тым, што па рэакцыі на смерць (забойства) Навальнага будзе зразумела ці Захад гатовы далей нішчыць крамлёўскую пагрозу.

Пакуль выглядае, што маюць пад сабою падставы размовы пра магчымы напад на адну ці некалькі краінаў Еўразвязу.

Пуцін па сваёй псіхалогіі гопнік, ён не захоплівае, ён адціскае, беручы «на слабо».

Даў Захад адразу дапамогу Украіне – Пуцін адкаціўся. Стаіць Захад топчацца на адным месцы – Пуцін далей «адціскае».

З гопнікам нельга дамовіцца, яго можна толькі нейтралізаваць.

_____________

На мінулым тыдні сталася вядомым, што ў Польшчы затрымалі грамадзяніна Украіны, які ў інтарэсах Расеі рыхтаваў акт дыверсіі побач з аб’ектамі стратэгічнага прызначэння.

Чаму б не ўявіць, што дыверсанта з украінскім пашпартам у Польшчы злавілі не выпадкова, а па наводцы з Крамля. «Дыверсія» і «ўкраінец» – вось якія словы запомніць абывацель Сярэдняй Еўропы, якая мае досыць вялікія ўкраінскія дыяспары.

Па вельмі спрошчанай логіцы можна будзе моцна падагрэць украінафобію. Маўляў, «вымятайцеся з нашай зямлі, бо ад вас адныя праблемы».

Застрашэнне тэрактамі, распальванне ўкраінафобіі і наогул ксенафобіі – усё гэта не проста прыемна Крамлю, але і неабходна перад рашучымі дзеяннямі.

У нашым выпадку не раз выказваўся прагноз, што вайсковая правакацыя супраць краіны ці краінаў NATO Расея для пачатку можа здзейсніць з тэрыторыі Беларусі.

_____________

Тым часам у Беларусі рыхтуюцца да выбараў 25 лютага. Якіх? Ды не так важна, хоць цяпер гаворка пра парламенцкія.

У дыктатурах не падтрымка – гэта больш за няўдзел, гэта акт варожасці.

Гэта ў вальяжным і самазадаволеным СССР свой не ўдзел у выбарах можна было спісаць на банальнае разгільдзяйства. Камуністычная Партыя была ўпэўненая ў сваёй сіле.

Лукашэнка – не. Лукашэнку паказалі ў 2020 годзе рэальны стан рэчаў.

Хтосьці ўжывае абстрактныя фразы кшталту «беларускі пратэст», і ставіць тыя падзеі ў адзін шэраг з якімі заўгодна пратэстамі ў свеце.

А я ведаю, што цягам чатырох месяцаў дыктатура не кантралявала вуліцы Менску. Людзі сваёй упартасцю і смеласцю фактычна захапілі сталіцу, а выступы па абсалютна ўсёй тэрыторыі краіны сталіся беспрэцэдэнтным фактам.

Таму сёння Лукашэнка не можа паводзіць сябе вальяжна, ён ведае, што жыве ў нянавісці і рэпрэзентуе мізэрную меншасць.

_____________

Выданне «Віцебск.інфо» паведамляе, што ў Віцебску па «экстрэмісцкім» артыкуле засудзілі прарасейскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву. Ёй інкрымінавалі парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

Навіна не толькі кур’ёзная, але і паказальная. Лукашэнка не можа сабе дазволіць спакойна ставіцца да ініцыятывы знізу – хоць якой.

Эпізод з Мірсалімавай нагадвае як адносна нядаўна «інфаказачка» Бондарава атрымала наганяй за тое, што перашчыравала са сваёй беларусафобіяй, і зайшла на поле адказнасці міліцэйскіх чыноўнікаў.

Мы бачым вельмі выразныя сігналы асабліва прарасейскім персанажам, што пакуль Лукашэнка жывы, перспектываў у іх няма.

Ён і праўда ахоўвае незалежнасць Беларусі. Не таму што любіць сваю краіну, а таму што любіць сябе.

Але людзі з розных палітычных цывілізацый рыхтуюцца да жыцця без Лукашэнкі. Дакладней – да барацьбы: хто за бонусы, хто за выжыванне.

_____________

А мы памятаем пра беларускіх палітычных зняволеных, іх сем’і, а таксама пра суайчыннікаў у нядолі на вымушанай эміграцыі.

Робім што можам, і будзе што мае быць. Жыве!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Evgeny Feldman for Alexei Navalny’s campaign / Getty Images)