Нямеччына ў перыяд электаральнай кампаніі. Тэма міграцыі актывізавалася і вызначае палітычнае поле. Пра гэта дыскутуюць усе палітычныя партыі, што змагаюцца за месцы ў бундэстагу. На парламенцкіх выбарах, якія адбудуцца 23 лютага, свайго кандыдата на пасаду федэральнага канцлера вылучылі пяць партый.

Міграцыя – тэма нумар адзін, заўважае гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.
– Галоўная тэма – самая сур’ёзная тэма, якая больш за ўсё абмяркоўваецца ў кантэксце выбараў, гэта тэма міграцыі. І вось тут і альтэрнатыва для Германіі, але таксама і хрысціянскія дэмакраты заклікаюць да больш жорсткіх мераў супраць нелегальнай міграцыі. І, хутчэй за ўсё, пойдзе ў гэтым накірунку. То бок нямецкія законы і прынцыпы нямецкай палітыкі ў дачыненні да міграцыі, хутчэй за ўсё, будуць змененыя наступным урадам.
Паводле папярэдніх апытанняў лідзіруюць хрысціянскія дэмакраты, наступныя па папулярнасць – прадстаўнікі ўльтраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямечыны», якая вельмі імкліва набірае папулярнасць. Але ёсць асаблівасці, працягвае Аляксандр Фрыдман:
– Хутчэй за ўсё менш за 20% там не будзе. А калі ім пашанцуе, бо з гэтымі партыямі справа такая – у апытаннях далёка не ўсе людзі прызнаюцца, што яны абіраюць гэтую партыю. Апытанні паказваюць 20-22 % гэтай партыі. У дзень выбараў можа быць і 25%, хто яго ведае. Перамагчы тэарэтычна яны могуць, апярэдзіць хрысціянскіх дэмакратаў. Але відавочна, што кіраваць урадам не будуць і ва ўрадзе іх не будзе ўвогуле, бо ніхто не ўвойдзе з імі ў кааліцыю.
Пашырэнне правых поглядаў – тэндэнцыя агульная для Еўропы. Нямеччына вымушаная праводзіць датэрміновыя выбары, пасля таго, як у выніку палітычнага скандалу распалася кіруючая кааліцыя на чале з сацыял-дэмакратычнай партый.
Беларускае Радыё Рацыя






