BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускае прадстаўніцтва на Эканамічным форуме ў Карпачы

фота PAP

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка і прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Кабінета Уладзімір Астапенка бяруць удзел у Эканамічным форуме ў польскім Карпачы. На ім разглядаюцца пытанні аднаўлення праграмы Усходняга партнёрства для беларускага грамадства і прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за міжнародныя злачынствы.

3 верасня Павел Латушка стаў спікерам дзвюх панэльных дыскусій форуму, прысвечаных 15-годдзю Усходняга партнёрства і адказнасці рэжыму Лукашэнкі за міжнародныя злачынствы. Асноўныя тэзісы яго выступленняў:

Некаторыя краіны-ўдзельніцы Усходняга партнёрства – Украіна, Грузія і Малдова – аб’явілі, што ўступленне ў ЕС з’яўляецца мэтай іх знешняй палітыкі, а таксама падпісалі пагадненні аб асацыяцыі. Але Беларусь здзейсніла рэгрэс у адносінах з Еўразвязам: 28 чэрвеня 2021 года рэжым Лукашэнкі паведаміў аб прыпыненні ўдзелу нашай краіны ў гэтым праекце.

За гады ўдзелу Беларусі ў праграме Усходняга партнёрства сродкі ЕЗ у Беларусі ішлі на энергазберажэнне, аднаўленне воднай інфраструктуры, развіццё малога бізнесу. Дапамога ЕЗ Беларусі ў выглядзе грантаў складала каля 30 мільёнаў еўра штогод.

Усходняе партнёрства адкрыла для Беларусі магчымасць фінансаваць інфраструктурныя праекты і малы бізнес праз міжнародныя еўрапейскія банкаўскія структуры. Штогод Беларусі выдзялялася каля 500 мільёнаў еўра крэдытных сродкаў. Прычым ЕЗ не выстаўляў ніякіх палітычных патрабаванняў для іх атрымання.

Усходняе партнёрства павінна трансфармавацца. Рэжым выпаў з удзельнікаў Усходняга партнёрства, але засталося грамадства, якое хоча дэмакратыі, эканамічнага развіцця, а ў будучыні будзе гатова зрабіць еўрапейскі выбар.

Нам патрэбна асобнае пагадненне (дэкларацыя аб супрацоўніцтве) ЕЗ з інстытутамі дэмсіл Беларусі ў рамках адноўленага Усходняга партнёрства, а сродкі, якія раней атрымліваў рэжым, трэба накіраваць на на падтрымку незалежных СМІ, нацыянальнай ідэнтычнасці, дасягненне правасуддзя, адукацыйныя праграмы, інстытуты грамадзянскай супольнасці.

З 2020 года для ўтрымання ўлады Лукашэнка і прадстаўнікі яго рэжыму здзейснілі і працягваюць здзяйсняць шэраг цяжкіх крымінальных злачынстваў: злачынствы супраць чалавечнасці у дачыненні да беларускага народа; злачынства агрэсіі ў дачыненні да Украіны; ваенныя злачынствы супраць украінскіх дзяцей.

Лукашэнка праводзіць маштабную і сістэматычную палітыку па падаўленні іншадумства: больш за 65 000 затрыманых; 5 000 пададзеных беларусамі скарг на катаванні і жорсткае ці бесчалавечнае абыходжанне, пры гэтым 0 расследаванняў па такіх скаргах; як мінімум 636 задакументаваных фактаў катаванняў; 6 смярцей у зняволенні; 5 смярцей падчас пратэстаў; 1371 афіцыйна прызнаны палітзняволены; больш за 300 000 беларусаў, якія дэпартаваны з Беларусі і інш.

Мы актыўна адвакатуем перад краінамі-партнёрамі прымяненне прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі на нацыянальным узроўні для прыцягнення да крымінальнай адказнасці вінаватых (напрыклад, начальнікаў турмаў, пракурораў, суддзяў, следчых).

Мы хадайнічаем перад партнёрамі аб перадачы матэрыялаў па сітуацыі ў Беларусі на разгляд Пракурору Міжнароднага крымінальнага суда.

Мы таксама працуем у напрамку выкарыстання Міжнароднага суда ААН як яшчэ аднаго інстытута для прыцягнення да міжнароднай адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых за злачынствы супраць чалавечнасці.

Мы вітаем рэзалюцыю, у якой ПАРЕ зацвердзіла свае патрабаванні аб стварэнні спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі, а таксама надала ўвагу таму, што адказнымі за злачынства агрэсіі павінны быць прадстаўнікі кіраўніцтва Расеі і Беларусі.

Эканамічны форум ладзіцца штогод з 1992 года і лічыцца адным з найбуйнейшых і вядомых палітыка-эканамічных мерапрыемстваў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе. У ім удзельнічае больш за 6000 тысяч гасцей. У гэтым годзе адным з афіцыйных партнёраў форуму стала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

@CabinetBelarus