Венгрыя змяніла сваё меркаванне адносна блакіравання санкцый Еўрапейскага звяза супраць Расеі з-за таго, што ўмяшаўся прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Такое меркаванне выказаў міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, перадае RMF24.

Fot. PAP/EPA/ROBERT GHEMENT
Паводле Сікорскага, рашэнне Венгрыі адмяніць сваё вета было звязана з заявай Трампа, які назваў расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна агрэсарам і прыгразіў санкцыямі супраць РФ, калі Масква не захоча весці мірныя перамовы.
Сікорскі дадаў, што гэта была першая адназначная пазіцыя Трампа па гэтым пытанні, дзякуючы якой Венгрыя змяніла сваё меркаванне.
“Я думаю, што прэзідэнт Трамп тут дапамог”, – падкрэсліў польскі міністр.
У выданні нагадалі, што на мінулым тыдні Трамп заявіў, што ЗША увядуць высокія падаткі, тарыфы і санкцыі супраць РФ, калі не будзе дасягнута пагадненне аб спыненні вайны ва Украіне ў бліжэйшы час.
У сваю чаргу пасля гэтага кіраўнік урада Польшчы Дональд Туск напісаў:
“Калі Віктар Орбан сапраўды заблакуе еўрапейскія санкцыі ў вырашальны момант вайны, будзе зусім зразумела, што ён гуляе ў камандзе Пуціна, а не ў нашай, у гэтай вялікай гульні за бяспеку і будучыню Еўропы”.






