Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс 13 жніўня правядуць віртуальную сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і еўрапейскімі лідарамі напярэдадні саміту на Алясцы, піша ABC News.
Два амерыканскія чыноўнікі пацвердзілі выданню, што сустрэча ў фармаце відэаканферэнцыі паміж Трампам, Вэнсам, Зяленскім і прадстаўнікамі еўрапейскіх дзяржаў запланаваная на сераду.
Напярэдадні Зяленскі заявіў, што кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін рыхтуецца да «новых наступальных аперацый» нягледзячы на запланаваны на пятніцу мірны саміт на Алясцы.
Баі на лініі фронту, а таксама ўдары дронаў і ракет далёкага дзеяння працягваюцца, у той час як ЗША і Расея рыхтуюцца да сустрэчы. Чакаецца, што прадстаўнікі Украіны не будуць браць у ёй удзел, хаця крыніца ў офісе Зяленскага паведаміла ABC News у панядзелак, што «сітуацыя вельмі зменлівая».
У сваю чаргу дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа ў інтервʼю журналісту Сіду Розенбергу ў падкасце Sid & Friends in the Morning заявіў, што запланаваная на пятніцу сустрэча Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным на Алясцы будзе насіць азнаямленчы характар.
Беларускае Радыё Рацыя






