BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Трамп кажа пра «зусім новы і значна лепшы свет»

1173-і дзень вайны ва Украіне. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пракаментаваў прапанову расейскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна аднавіць мірныя перамовы з Украінай у Стамбуле 15 траўня.

Здымак ілюстрацыйны

Цытата са словаў Трампа: «Патэнцыйна вялікі дзень для Расеі і Украіны! Толькі ўявіце сабе — сотні тысяч жыццяў могуць быць уратаваныя, калі гэтая бясконцая «крывавая лазня» нарэшце скончыцца. Гэта будзе зусім новы і значна лепшы свет. Я працягну працаваць з абодвума бакамі, каб пераканацца, што гэта адбудзецца. ЗША жадаюць засяродзіцца замест гэтага на аднаўленні і гандлі. Вялікі тыдзень наперадзе!». Гэтак Трамп напісаў у сваёй сацсетцы.

Крыху раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў у сацыяльных сетках сумесную заяву лідараў Францыі, Нямеччыны, Польшчы, Вялікабрытаніі і Украіны па выніках сустрэчы ў Кіеве.

У заяве гаворыцца, што 10 траўня прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, нямецкі канцлер Фрыдрых Мерц, кіраўнік польскага ўрада Дональд Туск і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэліся ў Кіеве. Яны пагадзіліся, што з панядзелка, 12 траўня, павінна быць поўнае і безумоўнае спыненне агню мінімум на 30 дзён.

Адзначаецца, што безумоўнае спыненне агню па вызначэнні не можа быць «абмежавана ніякімі ўмовамі». Калі ж Расея будзе вылучаць такія ўмовы, гэта можна разглядаць толькі як спробу «працягнуць вайну і падарваць дыпламатыю». Лідары патрабуюць, каб спыненне агню было ўсёахопным: у паветры, на моры і на сушы. Палітыкі падкрэслілі, што гэта патрабуе эфектыўнага маніторынгу, які можа быць паспяхова рэалізаваны ў цеснай каардынацыі са Злучанымі Штатамі.

Беларускае Радыё Рацыя