Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа прапанаваць, каб еўрапейскія і брытанскія войскі забяспечылі буферную зону працягласцю больш за тысячу кіламетраў паміж расейскім і ўкраінскім войскамі ў рамках плана замарожвання ваенных дзеянняў паміж дзвюма краінамі. Пра гэта піша брытанская газета The Telegraph са спасылкай на крыніцы ў асяроддзі Трампа.

Па словах суразмоўцаў выдання, план прадугледжвае, што цяперашняя лінія фронту будзе замарожаная, а Украіна пагодзіцца не дабівацца ўступлення ў NATO на працягу 20 гадоў. У абмен на гэта ЗША дадуць Украіне вялікую колькасць зброі, каб утрымаць Расею ад аднаўлення вайны. ЗША ня будуць даваць войскі для патрулявання і аховы буфернай зоны, а таксама ня будуць фінансаваць гэтую місію, гаворыцца ў публікацыі. Па дадзеных газеты, гэты план — адзін з некалькіх, якія знаходзяцца на разглядзе ў Трампа.






