Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп працягнуў яшчэ на год забарону на ўваход расейскіх суднаў у амерыканскія парты. Пра гэта гаворыцца ў распараджэнні, апублікаваным у Федэральным рэестры ЗША.

Фота: Дональд Трамп (Getty Images)
Як растлумачыў Дональд Трамп, палітыка і дзеянні ўрада Расеі працягваюць уяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы ЗША з-за парушэння міжнародных адносін.
У красавіку 2022 года тагачасны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн упершыню забараніў суднам пад расейскім сцягам, а таксама любым суднам, звязаным з Расеяй, заходзіць у амерыканскія парты. З тых часоў гэтая забарона неаднаразова падаўжалася.
Раней у Дзяржаўным дэпартаменце падкрэслівалі, што ЗША не будуць заключаць з Расеяй ніякіх пагадненняў і не будуць здымаць з яе санкцыі, пакуль у вайне супраць Украіны не будзе дасягнутае спыненне агню.
10 красавіка Трамп працягнуў рэжым надзвычайнага становішча праз «шкодную замежную дзейнасць урада РФ». У той жа час ён заявіў, што не будзе ўводзіць новыя санкцыі супраць Расеі пасля абстрэлу на Вербную нядзелю Сумаў, у выніку чаго загінулі 35 чалавек.