Прэзідэнт ЗША ў сваёй сацсетцы Truth Social ізноў звярнуў увагу на тэму палітзняволеных у Беларусі.

«Відавочна, што важная навіна пра Беларусь, якую левыя СМІ не паведамляюць, — Прэзідэнт Трамп толькі што дамогся вызвалення зняволеных. Вызвалена 16 чалавек, і таксама абмяркоўваецца вызваленне яшчэ 1300. Дзякуй, прэзідэнт Трамп», — напісаў адзін з карыстальнікаў сацсеткі.
Дональд Трамп адказаў на гэты допіс наступным чынам:
«Дзякуй Беларусі і яе магутнаму лідару. Я спадзяюся, што 1300 чалавек таксама хутка будуць вызвалены!».
Нагадаем, што напярэдадні сустрэчы з расейскім прэзідэнтам на Алясцы 15 жніўня Дональд Трамп патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку.
“У мяне адбылася выдатная гутарка з паважаным прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Мэтай званка было падзякаваць яму за вызваленне 16 зняволеных. Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1300 зняволеных”, – пасля той размовы напісаў Дональд Трамп на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Social Truth.






