Дональд Трамп ухваліў законапраект аб узмацненні санкцый супраць расейскай нафты. Калі яго прыме Сенат, то ўлады ЗША змогуць уводзіць супраць краін, якія яе купляюць, другасныя санкцыі ў выглядзе падвышаных пошлін на імпарт.

Гэты законапраект у парламент яшчэ ў мінулым годзе ўнесла двухпартыйная група. Гэта значыць, у дадзеным пытанні рознагалоссяў у дэмакратаў і рэспубліканцаў няма. Аднак Сенат не стаў яго прымаць без ухвалы прэзідэнта.
Асноўная сутнасць законапраекта ў тым, што супраць краін, якія закупляюць у Расеі нафту, нафтапрадукты, газ і ўран, можна будзе ўводзіць пошліны на імпарт у памеры да 500%.
Цяпер прыняцце дакумента чакаецца з вельмі высокай верагоднасцю. Такім чынам ЗША разлічваюць паўплываць на краіны, якія працягваюць купляць танную расейскую нафту. Найперш гэта Кітай, Індыя і Бразілія.
У канцы 2025 года OL пісаў, што Еўразвяз і G7 абмяркоўваюць свой варыянт узмацнення санкцый супраць расейскай нафты. У прыватнасці, прапаноўвалася замяніць столь коштаў на яе поўнай забаронай на перавозку па моры.






