Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выляцеў на Аляску з авіябазы Эндрус пад Вашынгтонам на перамовы з Уладзімірам Пуціным.
У склад дэлегацыі ўваходзяць тры міністры, яны знаходзяцца на борце прэзідэнцкага самалёта. У перамовах з Расеяй возьмуць удзел дзяржаўны сакратар Марка Рубіё, міністар фінансаў Скот Бэсэнт, міністар гандлю Говард Лутнік. Перамоўшчыкаў на борце суправаджаюць дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф, спецпасланнік прэзідэнта Стыў Уіткаф і іншыя члены яго каманды. Перад вылетам Трамп напісаў у сацыяльнай сетцы Truth паведамленьне: «СТАЎКІ ВЫСОКІЯ». Трамп прыбудзе на Аляску прыблізна за гадзіну да пачатку саміту, вынікае з раскладу падзеі. Ён плануе асабіста сустрэць Пуціна, паведаміў губернатар Аляскі Майк Данліві.
З расейскага боку, акрамя Пуціна, на Аляску прыбудуць міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, памочнік прэзідэнта Юрый Ушакоў, міністр абароны Андрэй Белавусаў, міністар фінансаў Антон Сілуанаў і спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расеі Кірыл Дзмітрыеў.
Аналітыкі Амерыканскага інстытута вывучэння вайны (ISW) лічаць, што ўключэнне Масквой Сілуанава і Дзмітрыева ў склад дэлегацыі сведчыць аб тым, што Расея, верагодна, паспрабуе пераключыць увагу саміту з вайны ва Украіне на патэнцыйныя двухбаковыя эканамічныя пагадненні.






