Былы прэзідэнт ЗША і кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп выказаўся за нанясенне Ізраілем удару па ядзерных аб’ектах Ірана, піша Bild.

Фота: AP
Падчас перадвыбарчага выступу ў Паўночнай Караліне Трамп заявіў, што ў выпадку агрэсіі Ірана варта было б спачатку нанесці ўдар па яго ядзерных магутнасцях, а потым «заняцца іншымі пытаннямі». Трамп раскрытыкаваў цяперашняга прэзідэнта Джо Байдэна за яго мяккую пазіцыю ў дачыненні да Тэгерана.
Байдэн раней заявіў, што не падтрымлівае такі сцэнар і гатовы абмяркоўваць дзеянні з Ізраілем, пры гэтым падкрэсліваючы, што адказ на іранскія дзеянні павінен быць прапарцыйным. Гэтая заява прагучала на фоне нядаўняга ракетнага ўдару Ірана па Ізраілі, які быў адказам на ізраільскую вайсковую аперацыю ў Ліване супраць «Хезбалы», а таксама ліквідацыю яе лідара Хасана Насралы.
Трамп жа лічыць, што менавіта ядзерная праграма Ірана — галоўная пагроза, з якой неабходна разабрацца найперш. Ён нагадаў, што падчас яго прэзідэнцтва ў 2018 годзе ЗША выйшлі з ядзернага пагаднення з Іранам.






