Менавіта Расея з’яўляецца агрэсарам, таму свет павінен падтрымліваць Украіну, а не падхалімнічаць перад расейскім дыктатарам. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, выступаючы перад парламентам. Яго цытуе The Telegraph.

“Расея з’яўляецца агрэсарам. Зяленскі з’яўляецца ваенным лідарам, краіна якога была атакавана, і мы ўсе павінны падтрымліваць яго, а не падхалімнічаць перад Пуціным”, – сказаў ён.
Паводле слоў Стармера, Вялікабрытанія будзе адыгрываць “вядучую ролю” ў забеспячэнні міру ва Украіне “з салдатамі на зямлі і самалётамі ў паветры”. Ён падкрэсліў, што Вялікабрытанія павінна “ўзначаліць працэс”, у якім Еўропа бярэ на сябе вядучую ролю ў забеспячэнні міру на кантыненце. Аднак для поспеху гэтага плана “неабходна магутная падтрымка ЗША”.
Стармер дадаў, што не прымае такія рашэнні “лёгкадумна”, але будучыня Украіны, на яго думку, з’яўляецца “жыццёва важным” для нацыянальнай бяспекі Злучанага Каралеўства.
“Расея з’яўляецца пагрозай у нашых водах і нашым небе. Брытанія будзе кіраваць бяспекай нашага кантынента, нашай краіны. Мы павінны ўмацаваць нашы адносіны з Амерыкай… Злучаныя Штаты ёсць і заўсёды будуць незаменнымі. І мы ніколі не будзем выбіраць паміж двума бакамі Атлантыкі”, – сказаў ён.






