BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Трэці раўнд перамоў Украіны з Расеяй мае адбыцца 23 ліпеня

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў у вячэрнім відэазвароце, што трэці раўнд перамоў паміж Украінай і Расеяй павінен адбыцца ў Стамбуле 23 ліпеня.

Фота прэс-службы прэзідэнта Украіны

Паводле слоў Зяленскага, ён абмеркаваў падрыхтоўку да гэтых перамоў з сакратаром Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Рустэмам Умеравым. Умераў паведаміў, што сустрэча запланаваная на сераду.

У той жа час, згодна з крыніцай расейскага дзяржаўнага інфармагенцтва ТАСС, сустрэча можа адбыцца не 23, а 24 ліпеня.

Падчас перамоў украінскі бок мае намер закрануць тры галоўныя тэмы: вяртанне палонных, вяртанне выкрадзеных Расеяй дзяцей і падрыхтоўку да магчымай сустрэчы лідараў дзвюх краін.

Два папярэднія раўнды перамоў прайшлі ў Стамбуле 16 мая і 2 чэрвеня. Тады бакі абмяркоўвалі ўмовы спынення агню і дамовіліся пра найбуйнейшы з пачатку вайны абмен палоннымі і целамі загінулых вайскоўцаў.