Польшча дасягнула “98% эфектыўнасці затрыманняў” нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца перасекчы мяжу з тэрыторыі Беларусі, заявіў сёння журналістам польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск у рамках сустрэчы з прадстаўнікамі сілавых структур у падраздзяленні Памежнай аховы ў горадзе Крынкі Падляшскага ваяводства.

“То бок, 98 са 100 спробаў незаконнага перасячэння мяжы прадухіляюцца дзякуючы рашучым дзеянням нашых салдат, памежнай службы і паліцыі, — цытуе Туска прэс-служба Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы. — Мы мабілізуем Еўропу, каб абарона гэтай мяжы ўспрымалася як агульны абавязак”.
Дональд Туск распавёў, што атрымаў доказы датычнасці Беларусі і Расеі да наплыву нерэгулярных мігрантаў, паведамляе RMF24.
“Сёння я атрымаў паведамленне, якое пацвярджае, прынамсі, арганізацыйнае і палітычнае пакрыццё з боку адміністрацыі прэзідэнта Лукашэнкі. Мы ведаем пра ўдзел Расеі. Такім чынам, мы сапраўды маем справу з дзяржаўнай машынай і машынай кантрабанды”, — сказаў Туск, наведваючы 22 сакавіка польска-беларускую мяжу.
Міністр нацабароны і віцэ-прэм’ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што непасрэдна на мяжы знаходзіцца каля 5 тыс. салдат, у рэзерве — яшчэ 1 тыс. Агулам для аперацыі па ахове мяжы выдзелена 17 тыс. вайскоўцаў.
Польшча працягвае мадэрнізацыю мяжы. Краіна ўжо выдаткавала 2,7 мільярда злотых на ўмацаванне мяжы і плануе завяршыць працы ўжо гэтым летам.
З пачатку года польскія памежнікі прадухілілі больш за 2,2 тыс. спробаў незаконнага перасячэння беларуска-польскай мяжы.
Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўразвязу працягваецца з вясны 2021 года.






