“Прымаючы пад увагу правакацыі з боку Расеі і Беларусі, якія назіраюцца ў Польшчы, для мяне відавочна, што тое, што адбываецца цяпер у Еўропе, з’яўляецца вайной”, — заявіў на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Капенгагене прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Ён заклікаў еўрапейскіх лідараў “пазбавіцца ад ілюзій”, адзначыўшы, што некаторыя з іх “называюць гэта поўнамаштабнай агрэсіяй, інцыдэнтам, правакацыяй, але гэта — вайна”.
“Амаль кожны дзень у нас адбываюцца правакацыі на мяжы з Беларуссю. Вайна для нас не з’яўляецца абстрактнай, на мяжы з Беларуссю ў нас больш за 100 спробаў амаль штодня, з ужываннем фізічнага гвалту ў дачыненні да салдат на нашай мяжы. Гэта цяпер наша штодзённая руціна”, — заявіў Туск, адзначыўшы, што нелегальная міграцыя “вельмі добра арганізаваная Пуціным і Лукашэнкам”.
Паводле інфармацыі на старонцы канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы ў сетцы Х, на палях саміту ў Капенгагене ён правёў сустрэчу з беларускай дэмакратычнай лідаркай Святланай Ціханоўскай. Падрабязнасці сустрэчы не прыводзяцца.






