BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У адказ на смерць польскага ваеннага Латушка прапануе закрыць чыгуначныя пераходы

У адказ на смерць польскага ваеннага «можна было б вельмі жорстка паставіць пытанне – закрыць чыгуначныя пагранічныя пераходы», заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 6 чэрвеня на сустрэчы з беларускай дыяспарай у Любліне.

Па словах палітыка, раней ён неаднаразова падчас двухбаковых сустрэч з прадстаўнікамі Літвы і Польшчы прапаноўваў такі крок у якасці пашырэння санкцый супраць афіцыйнага Менска.
На яго думку, у гэтым не былі б зацікаўлены ўлады Кітая як пастаўшчыкі транзітных тавараў і маглі б уплываць на Менск.
Аб смерці ваеннаслужачага 1-й танкавай брыгады, параненага 28 траўня, стала вядома напярэдадні. Па інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, салдат падвергся нападу мігранта з нажом, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

На фоне гэтых здарэнняў Польшча скіравала на мяжу дадатковыя сілы.
Нота пратэсту з «рашучым патрабаваннем спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы і арганізацыю міграцыйных патокаў» уручана напярэдадні паверанаму ў справах Беларусі Аляксею Панкраценку. Варшава запатрабавала ад Менска «ўстанавіць асобу і выдаць падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна».
Прэзідэнт Анджэй Дуда склікае 10 чэрвеня ў панядзелак Раду нацыянальнай бяспекі ў сувязі з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю.

Беларускае Радыё Рацыя