Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай у Варшаве абмеркаваў стратэгію дзеянняў на будучы год і падрыхтоўку да канферэнцыі «Новая Беларусь».

Намеснік Ціханоўскай Павел Латушка прэзентаваў праект «Платформы 2025» — пакуль толькі сябрам Кабінету. Ціханоўская паведаміла, што сёння ж АПКБ абмяркуе з польскім бокам праблемы перасячэння мяжы і атрымання візаў простымі беларусамі.
«Трэба ціснуць на рэжым Лукашэнкі, а не на простых грамадзян Беларусі. Сярод іншага, падчас сустрэчы абмяркуем выдачу візаў, а таксама спрашчэнне адкрыцця рахункаў беларусамі», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Яна выказала ўдзячнасць польскім уладам за рашучасць і падтрымку беларусаў у патрабаванні вызвалення палітвязняў, у тым ліку журналіста Анджэя Пачобута.
Павел Латушка анансаваў «некаторыя кадравыя змены ў АПКБ». Ён адзначыў, што падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» будзе абвешчана пра ўзмацненне Аб’яднанага пераходнага кабінету.