BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Аргенціне партыя Мілея перамагла на прамежкавых выбарах

Пасля падліку амаль 100 працэнтаў галасоў на прамежкавых выбарах у Кангрэс Аргенціны правы альянс, у якую ўваходзіць Лібертарыянская партыя Хаўера Мілея, атрымаў больш за 40 працэнтаў галасоў.

сцяг Аргенціны

На прамежкавых выбарах у парламент Аргенціны важную перамогу здабыў правы альянс “Свабода надыходзіць”, у які ўваходзіць Лібертарыянская партыя прэзідэнта Аргенціны Хаўера Мілея. У нядзелю, 26 кастрычніка, альянс атрымаў 40,7% галасоў, паведамляецца па выніках апрацоўкі 97% бюлетэняў, паведаміў кіраўнік апарата ўрада Гільерма Франка.

Сярод іншага партыя Мілея дабілася перамогі ў сталіцы Буэнас-Айрэсе, а таксама ў правінцыях Кордава і Санта-Фе. Буэнас-Айрэс доўгі час лічыўся апорай асноўных сапернікаў ультралібералаў – левацэнтрысцкай кааліцыі “Сіла Радзімы” былога прэзідэнта Крысціны Фернандэс дэ Кіршнер. Па выніках прамежкавых выбараў кааліцыя атрымала 31,6 працэнта галасоў.

Прамежкавыя выбары лічацца першым выпрабаваннем для Мілея пасля яго ўступлення на пасаду амаль два гады таму і пачатку радыкальнай палітыкі жорсткай эканоміі.

“Сёння мы дасягнулі паваротнага моманту. Сёння пачынаецца будаўніцтва вялікай Аргенціны”, – заявіў 55-гадовы прэзідэнт сваім прыхільнікам на выбарчай сустрэчы ў Буэнас-Айрэсе. Ён паабяцаў прадоўжыць ужо пачаты курс жорсткай эканоміі з “самым рэфарматарскім Кангрэсам у гісторыі Аргенціны”.

На прамежкавых парламенцкіх выбарах размяркоўвалася палова з 257 месцаў у Палаце дэпутатаў і траціна з 72 месцаў у Сенаце Аргенціны. Партыя Мілея да гэтага часу знаходзілася ў меншасці ў абедзвюх палатах.

Пасля выбараў Мілей заявіў, што яго партыя павялічыла колькасць месцаў больш як у тры разы і зараз будзе мець 101 месца ў Палаце дэпутатаў замест 37 і 20 месцаў у Сенаце замест шасці.

Беларускае Радыё Рацыя