У сталіцы Балгарыі Сафіі 22 лютага некалькі тысяч прыхільнікаў ультранацыяналістычнай партыі «Адраджэнне», якую называюць прарасейскай, паспрабавалі штурмаваць прадстаўніцтва Еўразвязу і падпалілі ўваходныя дзверы будынка. Адбыліся сутыкненні з паліцыяй.

Фота: БНР
Як паведамілі Балгарскай службе Радыё Свабодна ў міністэрстве ўнутраных спраў краіны, былі затрыманы сама меней шэсць чалавек. Каля 10 супрацоўнікаў паліцыі атрымалі траўмы. Гэта пакуль папярэдняя інфармацыя.
Беспарадкі адбыліся падчас акцыяў супраць планаў балгарскіх уладаў перайсці з нацыянальнай валюты леў на еўра. Удзельнікі акцыі закідалі будынак місіі ЕЗ чырвонай фарбай, яйкамі, петардамі і бутэлькамі з запальнай сумессю перш, чым паліцыя іх адціснула.
Кіраўнік партыі «Адраджэнне» Кастадзін Кастадзінаў заявіў, што акцыя была арганізаваная з мэтай «абараніць свабоду». «Мы ня хочам, каб фінансавая незалежнасць Балгарыі была разбураная», — заявіў ён.
Урад Балгарыі ўжо асудзіў гэты напад.






