927-ы дзень вайны. За ноч з 6 на 7 верасня на тэрыторыю Беларусі заляцелі не менш як 7 дронаў-камікадзэ тыпу «шахед» і, як мяркуецца, упершыню зайшоў адзін разведвальны расейскі БПЛА тыпу Supercam. Пра гэта інфармуе маніторынгавая група Беларускі Гаюн.

Акрамя заходаў у Гомельскую вобласць, мінулай ноччу адзін з “шахедаў” заляцеў і ў Берасцейскую ды, працягнушы рух на поўнач, зайшоў у Гарадзенскую вобласць (упершыню за ўвесь маніторынг), ён даляцеў да самых Наваградка і Карэлічаў, трымаючы курс да мяжы з Літвой.
Гэты шахед мог праляцець над Беларуссю на поўнач ≈200 км, што з ім здаралася далей – невядома, пішуць аналітыкі.
На працягу ўсёй ночы ў небе над Беларуссю працавалі знішчальнікі і верталёты ВПС РБ. Усяго, паводле звестак «Гаюна», знішчальнікі ўзляталі з аэрадрома Баранавічы 4 разы, а верталёты з Мачулішчаў паднімаліся двойчы.
Авіяцыя была заўважаная не толькі на поўдні краіны, але таксама і на самай поўначы – у раёне Астраўца і Вялейкі.
Прыблізна а 6.30 раніцы ў заходняй частцы Менскай вобласці былі заўважаныя беспілотнік і авіяцыя. Пра гэта ўжо “Свабодзе” паведамілі сведкі здарэння. Ёсць і відэа ў доказ. Па словах сведкі, спачатку было чуваць гук беспілотніка, які накіроўваўся з усходу на захад, а пазней з’явіўся самалёт.
Ён зрабіў некалькі колаў і адляцеў. Гуку збіцця лятальнага апарату чуваць не было. Меркавана, гэта быў адзін з дронаў, які рухаўся ў кірунку мяжы з Літвой.
Беларускае Радыё Рацыя