Адзін з ударных беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА), якія атакавалі Украіну ў ноч на 4 верасня, заляцеў у паветраную прастору Беларусі, паведаміла прэс-служба Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.
Усяго мінулай ноччу Украіну атакавалі 29 расейскіх беспілотнікаў іранскай вытворчасці «Шахед-131/136», зазначаецца ў паведамленні. Пра беспілотнікі, якія запускаюцца Расеяй і якія затым з’яўляюцца ў небе Беларусі, перыядычна паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Паводле яе інфармацыі, у ноч на 4 верасня і раніцай у краіну заляцела не менш за чатыры БПЛА. Паведамляецца таксама, што «знішчальнік ВПС РБ узняўся з аэрадрому „Баранавічы“ прыкладна ў 6:20 і, палятаўшы 1,5 гадзіны, вярнуўся ў Баранавічы а 8-й раніцы».
У ноч на 26 жніўня, паводле звестак ВСУ, беларускую мяжу перасеклі два «Шахеды».
Пратэстаў расейскаму боку ў сувязі са згаданымі інцыдэнтамі афіцыйны Менск не заявіў.