934-ы дзень вайны. У беларускую паветраную прастору зноў заляцеў адзін з расейскіх беспілотнікаў, якімі Расея атакавала Украіну. Паводле звестак маніторынгавае групы «Беларускі Гаюн», раніцай дрон-камікадзэ тыпу «Шахед» перасёк мяжу ў раёне мястэчка Лоеў Гомельскай вобласці. Беспілотнік правёў там каля 30 хвілін.

«Дрон рухаўся заходнім курсам, а далей павярнуў на паўднёвы ўсход і вярнуўся на тэрыторыю Украіны. Ён паляцеў у раён Славуціча», — зазначае «Гаюн». Падчас знаходжання беспілотніка ў беларускай паветранай прасторы з аэрадрома Баранавічы быў узняты знішчальнік. Паводле слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, у ноч на нядзелю расейскае войска запусціла па Украіне больш за 70 дронаў. Большасць з іх былі знішчаныя.
Тым часам, міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў у Кіеве, што Польшча разглядае магчымасць перадачы Украіне самалётаў МіГ-29. Сікорскі таксама адзначыў, што польскія танкі PT-91 Twardy былі заўважаныя ў наступе Узброеных сіл Украіны ў Курскай вобласці. Цытата са словаў польскага міністра: «Польшча падтрымлівае Украіну ў забеспячэнні яе энергетычнай бяспекі. Гэта прыярытэт у кантэксце будучай восені і зімы, калі патрэбы перавышаюць магчымасці энергетычнага сектара, пашкоджанага расейскімі нападамі… Мы падтрымліваем гераічную, ваюючую Украіну, на якую напала Расея».
Беларускае Радыё Рацыя





