BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“У Беларусі адбываецца прававое бязмежжа”

Госць Беларускага радыё Рацыя — праваабаронца і былы палітзняволены Леанід Судаленка. Гутарым з ім пра тое што адбываецца проста зараз з Міколай Статкевічам. Глядзім на сітуацыю з боку права.  Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.

Праваабаронца Леанід Судаленка.
Праваабаронца Леанід Судаленка

РР: Хацела б паразмаўляць пра прававое становішча, пра тое, што зараз адбываецца з Мікалаем Статкевічам і ўвогуле, што адбылося з дэпартаванымі і вывезенымі палітвязнямі. І першае пытанне такое – ці магчыма адмовіцца ў Беларусі ад памілавання, ці магчыма яго скасаваць, вось юрыдычна? Ці існуе такая працэдура?

Леанід Судаленка: Не, адразу кажу як адмыслоўца ў галіне права, што адмовіцца ад памілавання – працэдура юрыдычна не аформлена, то бок і Канстытуцыя, і Крымінальны кодэкс кажа пра памілаванне, пра тое, што прэзідэнт мае права памілаваць, але вось як адмовіцца – пра гэта ў законе няма ні слова. Таму немагчыма адмовіцца.

РР: А ці можна скасаваць памілаванне?

Леанід Судаленка: Зноў жа на ўсе выпадкі жыцця закон не адказвае, у тым ліку ён не адказвае і на ваша пытанне, якім чынам адбываецца скасаванне памілавання ў законе не прадугледжана.

РР: Ці магчыма такое, што чалавек будзе памілаваны без напісання гэтай паперкі, без хадайніцтва?

Леанід Судаленка: Так, на практыцы гэта адбываецца, Алесь Бяляцкі ў 2014 годзе быў Лукашэнкам памілаваны, але Алесь мне асабіста казаў, што, Лявон, я не пісаў ні адной паперы на памілаванне. Тым не менш яго прыйшлі ў адзін дзень забралі на “промцы”, вывелі, пасадзілі ў гэтую  “булку”, машыну хуткай дапамогі так званую, завезлі на вакзал, купілі квіток, сказалі “Мінск” і паказалі пальцам. І ён на дызель-цягніку прыехаў у Менск. Паперы да сёння ён не бачыў пра першае памілаванне. Гэта пра што сведчыць? Пра тое, што калі прыпячэ ўладзе, яны вывезуць паўторна Міколу з мяхом на галаве ў Літву. Але ж Трамп павінен асабіста “ўпісацца” ў гэтую сітуацыю, таму што  тэрмін яшчэ 10 гадоў, а чалавек ужо ва ўзросце, 69 год, а яму яшчэ 10 гадоў сядзець.

РР: Як вы лічыце, ці будзе прыдумана нейкая фармальная падстава, каб змесціць яго ў калонію, бо зараз, па апошніх фактычна чутках, ён знаходзіцца ў калоніі ў Глыбокім?

Леанід Судаленка:  Ён жа там і сядзеў. Яго вярнулі назад у калонію. Канешне, Лукашэнка адменіць свой указ, і Лукашэнка заднім чыслом зробіць указ пра памілаванне Статкевіча і тут жа яго адменіць. Гэта працэдура зноў жа не прадугледжана законам, але тое, што адбываецца зараз пасля 2020 года ў Беларусі, акрамя як прававым бязмежжам назваць нельга. Але ўсё магчыма, гэтыя ж прапагандысты-“васкрасенскія” так і кажуць, што ён не выканаў умовы здзелкі з Трампам. То бок Мікола не выканаў умовы здзелкі з Трампам. А адкуль Мікола ведае пра гэтую здзелку, прапагандысты не тлумачаць. А яны кажуць, што адной з умоваў было тое, што Трамп забірае сабе гэтых людзей. Не выканаў – вяртайся ў турму. Такая логіка ў афіцыйнага Менска.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя