Разлікі рэактыўных сістэм залпавага агню “Паланэз-М” і аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу “Іскандэр-М” выведзеныя на кантрольныя заняткі па кіраванні ракетнымі ўдарамі, паведаміла сёння прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Заняткі праходзяць “на розных участках мясцовасці, у тым ліку на значным аддаленні ад пунктаў пастаяннай дыслакацыі”.
Каментуючы частку заняткаў, якая ўжо адбылася, начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных сіл Руслан Чэхаў паведаміў, што яна была насычаная “дзеяннямі дыверсійна-выведніцкіх груп умоўнага праціўніка”, праходзіла ва ўмовах “складанага радыёэлектроннага становішча”. У рамках гэтай трэніроўкі, паводле яго, адпрацаванае “вядзенне баявых дзеянняў ва ўмовах уздзеяння сродкаў беспілотнай авіяцыі праціўніка, у тым ліку FPV-дронаў”.
Баявыя пускі ажыццяўляліся і ўдзень, і ўначы, адзначыў Чэхаў.
Беларускае Радыё Рацыя






