Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў адразу ў двух міністэрствах. Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання стаў Юрый Горлаў – раней ён курыраваў Гомельскую вобласць у якасці памочніка Лукашэнкі. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ўзначаліў Аляксандр Студнеў, які да гэтага быў старшынём Магілёўскага гарвыканкама.

Гэта ўжо другі дзень запар, калі ўрад Беларусі змяняе склад. Напярэдадні Лукашэнка таксама прызначыў новага міністра сувязі, а кіраваць Гарадзеншчынай даручыў Юрыю Караеву – генерал-лейтэнанту міліцыі і былому міністру ўнутраных спраў, які ўдзельнічаў у падаўленні пратэстаў у 2020 годзе. 3 сакавіка Караеў быў прызначаны часова выконваючым абавязкі старшыні Гарадзенскага аблвыканкама замест Уладзіміра Караніка, які пайшоў на павышэнне.






