BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку адбылося паседжанне сеймавай Камісіі па нацыянальных і этнічных меншасцях

Сеймавая Камісія па нацыянальных і этнічных меншасцях завітала ў Беласток. Сябраў камісіі сустрэлі прадстаўнікі мясцовай улады і самакіравання, назваўшы Беласток – сталіцай Польшчы на дзень, бо ў гэты ж дзень у горад завіталі і прадстаўнікі ўрада на чале з прэм’ер-міністрам.

Фота з ФБ Ванды Навіцкай.

Па выніках паседжання Камісіі ў Беластоку выказалася старшыня – Ванда Навіцка:

– Я з’яўляюся кіраўніком гэтай камісіі. Лічу, што дасведчанасць у гэтай справе маю, хаця калі пачынала працаваць, то была яшчэ не зусім дасведчаная. Але не хаваю, што праблемы меншасцяў для мяне з’яўляюцца важнай справай. Калі краіна хоча паказаць сябе сучаснай, мусіць цаніць сваю разнастайнасць, а не трактаваць гэта як праблему, якую трэба неяк вырашаць. Мусім быць краінай стандартаў Еўзазвяза. Калі прадстаўнікоў меншасцяў мала, то гэта не значыць, што іх праблемы другасныя. Яны такія ж самыя важныя. І прадстаўнікі меншасцяў мусяць мець такія ж правы, як усе грамадзяне краіны.

Свой выступ падчас працы камісіі ў Беластоку пракаментаваў прафесар Алег Латышонак:

Я ўжо некалькі дзясяткаў гадоў прымаю ўдзел у такіх мерапрыемствах. Часам удаецца штосьці падштурхнуць наперад. Гэта ўжо новая камісія. Заўсёды ёсць надзея, што сябры гэтай камісіі захочуць штосьці для нас зрабіць. І гэтай надзеі буду трымацца, таму прымаю ўдзел у такіх мерапрыемствах, тым больш што камісія прыехала да нас, не трэба было ехаць у Варшаву. Маю надзею, што менавіта на месцы сябры камісіі будуць мець больш адэкватны агляд сітуацыі.

РР: Зараз у беларусаў Беластока хіба што галоўная праблема з адукацыяй.

Алег Латышонак: Праблемаў маем шмат. Да гэтага моманту найбольш важнай была праблема адукацыі. Менавіта інтэрпрэтацыя ўсіх законаў адносна адукацыі ў беларускіх ліцэях. Але ж маем праблемы эканамічныя. Цяпер вырастае ў аграмадную праблему замацаванне польска-беларускай мяжы. Бо чуем пра планы міністэрства абароны пра 50-кіламетровую зону, гэта значыць, што ўся нашая этнічная тэрыторыя будзе зонай. І я маю надзею, што ўрад знойдзе спосаб вырашыць гэта як з найменшай шкодай.

Цалкам матэрыял:

Асобна падчас паседжання Камісіі прадстаўнікамі беларусамі Падляшша была ўзнята публічная дыскусія з прадстаўніком Міністэрства народнай адукацыі Польшчы па пытанні добраахвотнага вывучэння беларускай мовы ў Беларускім ліцэі ў Гайнаўцы.

На выяздным паседжанні Сеймавай Камісій па нацыянальных і этнічных меншасцях у Беластоку сабраліся прадстаўнікі беларускай, украінскай, літоўскай, яўрэйскай і рускай народнай меншасці, а таксама этнічныя прадстаўнікі татараў і цыган. Агулам на Падляшшы пражывае каля 23 000 беларусаў, якія, па словах камісіі, скаладаюць найвялікшую нацыянальную меншасць на Падляшшы.

Беларускае Радыё Рацыя