BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку адбылася Рада Нацыянальнай Бяспекі

Пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі Польшчы ў Беластоку распачаў прэзідэнт Анджэй Дуда з хвіліны маўчання ў памяць пра жаўнера Матэвуша Сітка, які загінуў падчас аховы дзяржаўнай мяжы пасля ранення нажом адным з мігрантаў.

Падчас выступу лідар гаварыў пра прэзідэнцкі праект, які ён падаў у Сейм і які датычыць дзеянняў органаў дзяржаўнай улады на выпадак знешняй пагрозы для бяспекі дзяржавы. У тым ліку гэты праект рэгулюе прынцыпы выкарыстання польскім войскам зброі.

Кажа прэзідэнт Анджэй Дуда:

На думку вайсковых экспертаў і прадстаўнікоў міністэрства, гэты праект нам вельмі патрэбны. Ён дапаможа вырашыць пытанне з абаронай мяжы, каб нашыя жаўнеры максімальна бяспечна маглі выконваць свае заданні і адэкватна рэагаваць у выпадку, калі з’яўляецца небяспечная сітуацыя, калі даходзіць да гвалтоўных парушэнняў мяжы. Лічу на канструктыўныя абмеркаванні гэтага праекту.

Пасля прамовы Анджэя Дуды пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі Польшчы, якое праходзіць у Беластоку, працягнулася ў закрытым для публічнасці рэжыме.

***

Рада нацыянальнай бяспекі з’яўляецца дарадчым органам пры прэзідэнце Рэспублікі Польшча па пытаннях унутранай і знешняй дзяржаўнай бяспекі. У яе склад уваходзяць: спікеры сейма і сената, прэм’ер-міністр, кіраўнікі міністэрства замежных спраў, міністэрства нацыянальнай абароны і міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, міністр, які каардынуе спецыяльныя службы, кіраўнікі парламенцкіх груп, або дэпутацкіх клубаў, кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі.

Фота ілюстрацыйнае: Jakub Szymczuk/KPRP

* * *

Рада Нацыянальнай Бяспекі, скліканая прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам у Беластоку, з’яўляецца трывожным званочкам для ўсіх структур дзяржавы, заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэк Сівера.

Jacek Siewiera / фота: PAP

Выязное паседжанне РНБ павінна тычыцца сітуацыі і апошніх падзей на польска-беларускай мяжы, а таксама ўнесенага ў Сейм прэзідэнцкага законапраекта аб дзеяннях органаў дзяржаўнай улады ў выпадку ўзнікнення знешняй пагрозы дзяржаўнай бяспецы.

Яцэк Сівера заявіў у інтэрв’ю Polsat News, што мэта пасяджэння РНБ – пачаць дыскусію – на аснове прэзідэнцкага праекта аб дзеяннях органаў дзяржаўнай улады ў выпадку знешняй пагрозы дзяржаўнай бяспецы – аб “уключэнні прэзідэнта, спікераў Сейма і Сената, як асоб, якія паслядоўна замяшчаюць прэзідэнта Рэспублікі Польшча, і Бюро нацыянальнай бяспекі ў сістэму кіравання дзяржаўнай бяспекай”.

Сівера падкрэсліў, што ні ў прэзідэнта, ні ў Бюро нацыянальнай бяспекі няма інфармацыі пра затрыманне вайскоўцаў, якія стралялі на мяжы сакавіка і красавіка падчас інтэрвенцыі на мяжы з Беларуссю ў напрамку мігрантаў.

Сівера дадаў, што правілы адкрыцця агню афіцэрамі, якія падтрымліваюць Памежную ахову, таксама мусяць быць удакладнены, таму што ў Памежнай службы зусім іншыя правілы прымянення зброі, чым, напрыклад, у паліцыі. “Калі б гэты закон быў у сіле, я схільны сказаць, што гібелі польскага салдата можна было б пазбегнуць”, – падкрэсліў ён.

Паводле wpolityce.pl

* * *

“Сёння Беласток стане сталіцай бяспекі, як у Польшчы, так і ў рэгіёне”, — гаворыць маршалак Сейма Шымон Галоўня.

Перад пасяджэннем Рады Нацыянальнай Бяспекі ў панядзелак адбудзецца пасяджэнне ўрада. Праграма ўключае прыняцце двух рэзалюцый — пра Нацыянальную праграму стрымлівання і абароны “Шчыт Усход” і пра сітуацыю на ўсходняй мяжы Польшчы.

“Таксама папрашу ўсіх ваяводаў з памежных ваяводстваў пагаварыць у Беластоку, пра тое, якія дзеянні мы павінны пачаць на польскай мяжы ва ўсіх памежных ваяводствах і пра цяперашнюю сітуацыю на межах”, — паведаміў Туск.

Аднак на парадку дня ўраду — не толькі пытанні бяспекі, але і фінансавае становішча. Акрамя абаронных тэмаў, на Падляшшы будуць абмяркоўвацца таксама пытанні звязаныя з мінімальным заробкам і павелічэннем бюджэту.

* * *

Пасяджэнне Рады Нацыянальнай Бяспекі, скліканае прэзідэнтам Польшчы, пройдзе ў панядзелак у 16:00. Як паведамлялася раней, сустрэча пройдзе ў Беластоку. Размова пойдзе пра крызіс на мяжы з Беларуссю і апошніх падзеях, у тым ліку: затрыманні жаўнераў і смерць польскага жаўнера, параненага мігрантам.

Згодна з планам перад уласна паседжаннем выступіць Прэзідэнт Анджэй Дуда.

***

Рада Нацыянальнай Бяспекі Польшчы ў панядзелак, 10 чэрвеня, пройдзе на памежным з Беларуссю Падляшшы, пацвердзіў Polsat News. У мінулы чацвер прэзідэнт Анджэй Дуда абвясціў аб скліканні гэтага органа, а ў пятніцу прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў, што сустрэнецца з кіраўніком дзяржавы «у панядзелак, там, на мяжы».

– Пасяджэнне Рады Нацыянальнай Бяспекі, скліканае прэзідэнтам на панядзелак, пройдзе на мяжы, – паведаміў журналіст Polsat News Марцін Фіёлек. Карэспандэнт неафіцыйна дадаў, што месцам сустрэчы будзе Беласток. 

У чацвер Прэзідэнт заявіў, што збярэ Раду Нацыянальнай Бяспекі ў панядзелак, «хутчэй за ўсё, у 16:00». — З улікам таго, што адбываецца апошнім часам і ў апошнія месяцы (…). Я не хачу гэтага рабіць цяпер, падчас кампаніі, таму што эмоцый шмат і абстаноўка сапраўды вельмі напаленая, але ў панядзелак выбары скончацца, сказаў ён.

Як дадаў Прэзідэнт, ён склікае Раду нацыянальнай бяспекі толькі тады, калі ёсць падставы абмеркаваць найбольш важныя пытанні з удзелам прадстаўнікоў усіх груповак. – Гэтае пытанне настолькі турбулентнае, настолькі сур’ёзнае, да такой ступені датычыцца нашай бяспекі і прыцягвае ўвагу грамадскасці, што я лічу, што гэта самы прыдатны момант для сустрэчы ўсіх нас, – растлумачыў ён.

Паводле wydarzenia.interia.pl